Генадзя Бердзянёва затрымала міліцыя 25 кастрычніка, калі ён ішоў наперадзе групы грамадзян з накінутым на плечы бел-чырвона-белым сцягам. Яго пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Полацку 3-е сутак.
На судзе спадар Генадзь расказаў, што, даведаўшыся з паведамлення МУС аб затрыманні 280 грамадзян у Беларусі за мірны выхад на вуліцу супраць катаванняў і падтасоўкі вынікаў выбараў, прыняў 25 кастрычніка індывідуальнае, спантаннае рашэнне выказаць сваё меркаванне наконт гэтых падзей і выйсці на вуліцу з дзяржаўным сімвалам 1991-95 гг. – бел-чырвона-белым сцягам.
Генадзь Бердзянёў патлумачыў, што лічыць свае дзеянні адпаведнымі заканадаўству Беларусі, у якім прыярытэтны прынцып вяршэнства права, а не закона.
«Маё права мець і свабодна выказваць уласнае меркаванне замацаванае ў артыкуле 33 Канстытуцыі, якая мае найвышэйшую заканадаўчую сілу ў Беларусі згодна з законам аб нарматыўных актах. Мной ажыццяўляліся гэтыя правы сумленна і разумна», – заявіў актывіст.
Між тым, дзеянні міліцыі Генадзь назваў несумленнымі. Патлумачыў чаму.
«Па-першае, ніхто масавае мерапрыемства 25 кастрычніка не арганізоўваў. У кожным разе, мне нічога не вядома пра арганізацыю масавага мерапрыемства. Па-другое, я прыняў рашэнне аб спосабе выказвання меркавання наконт важнай грамадскай падзеі індывідуальна, без удзелу іншых асоб. Па-трэцяе, маё рашэнне было спантанным і патрабавала неадкладнага рэагавання з прычыны грамадскай важнасці падзей, таму я не мог арганізоўваць масавае мерапрыемства ў адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах», – сказаў Генадзь Бердзянёў.
«Адпаведна закон аб масавых мерапрыемствах мае прававыя дзеянні не рэгулюе. У Канстытуцыі абвяшчаецца: «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне». Згодна з законам, суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй нарматыўных прававых актаў. Закона аб свабодзе выказвання меркавання ў Беларусі няма, таму я кіраваўся непасрэдна артыкулам 33 Канстытуцыі», – патлумачыў абвінавачаны.
Спадар Генадзь, які на той момант адседзеў ужо трое сутак, прапанаваў суду кампраміснае рашэнне: «Калі суд, кіруючыся Канстытуцыяй, якім-небудзь законам і сваім унутраным перакананнем, прыме рашэнне аб прыцягненні мяне да адказнасці, то прапаную прызначыць мне 3 сутак арышту, якія я ўжо адбыў у ІЧУ. У гэтым выпадку я не буду абскарджваць гэтае рашэнне суду, маючы на ўвазе неэфектыўнасць судовай абароны ў Беларусі 2020 года».
Аднак суддзя Уладзімір Бясецкі на такі кампраміс не пайшоў. «Прызначыць сем сутак арышту», – агучыў рашэнне.
Генадзь прасіў вярнуць яму сцяг, які быў далучаны да справы, але суддзя адмовіў.
Гэта ўжо трэцяе адміністрацыйнае пакаранне Генадзя Бердзянёва за апошнія тры месяцы (два арышты і штраф у памеры 5 базавых велічынь).
Аляксандр Марозаў