Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Віцебска, якое распаўсюдзіла аб'явы з інфармацыяй пра перспектывы новай забудовы, ў сваім інстаграм-акаўнце паведаміла наступнае: «З прычыны шматлікіх зваротаў з адмоўнымі водгукамі аб размяшчэнні групы жылых дамоў паміж дзіцячым садам №52 і жылымі дамамі №№12, 12/1
на праспекце Будаўнікоў у Віцебску, прынятае рашэнне аб немэтазгоднасці забудовы на названай тэрыторыі».
Перамога далася мясцовым жыхарам не проста так: пасля спавяшчэння пра перспектыўнае будаўніцтва, абураныя людзі адправілі звароты з подпісамі ў адміністрацыю прэзідэнта, да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, у пракуратуру. І мясцовыя органы ўлады.
18 красавіка прадстаўнікі ініцыятыўнай групы схадзілі на прыём да старшыні абласнога савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава. Як высветлілася, той увогуле нічога не ведаў пра праект забудовы і паабяцаў «разабрацца».
Праз тыдзень, 26 красавіка, УКБ паведаміла пра тое, што будаваць новы квартал у двары жылых дамоў не будуць. Да слова, сам праект шмат каму з віцяблянаў падаўся вельмі прывабным і сучасным. Але будаваць яго, казалі людзі, лепей у новых мікрараёнах, не пазбаўляючы іншых насельнікаў дзіцячай пляцоўкі і зялёных насаджэнняў, як у дадзеным выпадку.
Таццяна Шмыга