Субота, 27 Красавік 2024

Палітзняволеную, ураджэнку Докшыччыны Аксану Ючкавіч асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Да моманту вынясення выраку ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, каталіцкая актывістка тры месяцы адбыла за кратамі. Паводле рашэння суддзі Юліі Крэпскай,  34-гадовую Аксану Ючкавіч вызвалілі з-пад варты ў залі суду, прызнаўшы вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

Аксану Ючкавіч добра ведаюць у асяродку  католікаў Мінска, дзе яна арганізоўвала шматлікія імпрэзы. Працавала Аксана і ў каталіцкай журналістыцы: спачатку ў выдавецтве «Pro Christo», потым на афіцыйным агульнанацыянальным каталіцкім партале catholic.by.

Жанчыну затрымалі сёлета 23-га студзеня ў Мінску. 3 лютага стала вядома, што супраць затрыманай распачатая крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 19 лютага беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай.

У 2020 годзе Аксана Ючкавіч была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі паводле прысуду за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Затрымлівалі яе і ў 2010 годзе пасля разгону Плошчы ў Мінску, тады яна была асуджана да 10 сутак арышту.

Таццяна Мухіна