Справу Сафіі Цярэнцьевай разбірае суддзя Уладзімір Царыкаў. Як аказалася, у матэрыялах справы маюцца два пратаколы. Сафію абвінавацілі не толькі ў правядзенні несанкцыянаванага пікетавання 29 кастрычніка, але і ў пікетаванні, якое яна нібыта зладзіла 26 кастрычніка. З другім пратаколам дзяўчына катэгарычна не згадзілася. Запэўніла, што 26 кастрычніка знаходзілася на бюлетэні, нікуды з дому не выходзіла і ніякіх фотасесій не рабіла («Нават на балконе!» – удакладніла Сафія Цярэнцьева).
Што тычацца 29 кастрычніка, патлумачыла, што сапраўды стаяла ў гэты дзень у фае Віцебскага тэхналагічнага каледжа (філіял ВДТУ) з плакатам у руках, на якім быў размешчаны фотаздымак затрымання студэнтаў віцебскага медуніверсітэту з надпісам «Гэта нармальна?». Паводле Сафіі, да гэтага з навучэнцамі каледжа размаўляла іхняя куратарка і сказала, што «затрыманне студэнтаў-медыкаў – гэта нармальна» і што «трэба яшчэ больш гвалту».
«Вось пасля такіх словаў выкладчыцы я і вырашыла выйсці ў фае з плакатам. Хацела даведацца, ці астатнія навучэнцы таксама лічаць, што затрыманні і гвалт супраць студэнтаў – гэта нармальна», – патлумачыла на судзе Сафія.
Расказала таксама, што супрацоўнікі МУС затрымлівалі яе ў кабінеце дырэктаркі каледжа. Плакат быў канфіскаваны, і яго ёй пакуль не вярнулі. У той жа дзень, 29 кастрычніка, дзяўчыну адлічылі з 2 курсу ВДТК.
Суддзя Уладзімір Царыкаў, выслухаўшы тлумачэнні Цярэнцьевай, прыняў рашэнне перанесці разгляд справы на 12 лістапада і запрасіць на паседжанне сведкаў – міліцыянта, які складаў пратакол за правапарушэнне, учыненае нібыта 26 кастрычніка, а таксама – выкладчыцу каледжа. Пачатак судовага паседжання прызначаны на 10.00.
За апошнія месяцы 18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева некалькі разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Агулам яна 5 сутак правяла за кратамі віцебскага СІЗА. У дадатак была аштрафаваная на 54 рублі.
Адміністрацыйны пераслед чыніцца і ў дачыненні сясцёр Сафіі – Станіславы і Караліны Цярэнцьевых.
Зміцер Міраш