26 кастрычніка студэнты-медыкі выйшлі да фантану каля галоўнага корпусу ВДМУ і разам спелі некалькі песень – «Перамен!» і «Тры чарапахі» і папляскалі ў далоні. Людзі ў цывільным здымалі іх на камеры. Падчас акцыі былі затрыманыя 4 чалавекі.
Справу Паліны Нітчанка разглядаў 10 лістапада суддзя Уладзімір Царыкаў. У якасці доказаў вінаватасці студэнткі ў правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП міліцыянты падалі ў суд відэазапіс «несанкцыянаванага пікетавання».
Сваёй віны Паліна не прызнала. Тым не менш суддзя Царыкаў палічыў віну студэнткі цалкам даказанай і аштрафаваў яе на 24 базавыя велічыні (648 рублёў).
«Лічу гэта несправядлівым і няправільным. Асабліва няправільна тое, што пасля гэтага пачынаецца яшчэ ціск з боку адміністрацыі навучальнай установы. Але вінаватай у правапарушэнні я сябе не лічу», – сказала пасля суду Паліна Нітчанка.
Яна збіраецца абскарджваць рашэнне аб пакаранні штрафам у Віцебскім абласным судзе.
Паліну Нітчанка прыцягвалі да адказнасці паводле арт. 23.34 ужо ў другі раз. Раней яе судзілі за ўдзел у вулічным шэсці, якое прайшло ў Віцебску 20 верасня. Праз 4 дні пасля акцыі дзяўчыну затрымалі і на трое сутак кінулі за краты СІЗА. 12 кастрычніка суд аштрафаваў студэнтку на 20 базавых велічынь.
Зміцер Міраш