Субота, 25 Май 2024

Яшчэ двое жыхароў Віцебшчыны прызнаны палітзняволенымі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Паводле заявы беларускай праваабарончай супольнасці ад 22 траўня, статус палітычнага зняволенага атрымалі Сяргей Мельнікаў, жыхар пасёлка Лужасна (Віцебскі раён) і аршанец Аляксандр Камлёнак. Першы мужчына ўжо асуджаны да зняволення ў калоніі, другога трымаюць у Віцебскім СІЗА-2.

Сяргея Мельнікава асудзілі сёлета  28 сакавіка ў судзе Віцебскага раёна паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусб) Крыімнальнага кодэкса. Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Сяргею адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 19 чэрвеня 2023 года зрабіў рэпост публікацыі ў «Одноклассниках»  - гэта была карцінка  з выявай Лукашэнкі і выказваннямі, якія былі расцэнены як «негатыўныя». Паводле прысуду, жыхар вёскі Лужасна «публічна, у непрыстойнай форме абразіў прэзідэнта».

Сяргея Мельнікава пакаралі зняволеннем у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на трэрмін 1 год і 1 месяц. Таксама ён мусіць кампенсаваць выдаткі за паслугі абаронцы, прадастаўленага дзяржавай, у суме 44 рублі. Апрача гэтага, суд пастанаваў канфіскаваць у Мельнікава мабільны тэлефон і пакінуць пад арыштам сістэмны блок кампутара, забраны падчас ператрусу ў жытле асуджанага.

26 красавіка яго імя і прозвішча з'явілася ў пераліку асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, - гэты спіс складае МУС.

Аляксандр Камлёнак з Оршы цяпер знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2. Яго затрымалі сёлета ў лютым, калі мужчына вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы: ён працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам. Спачатку яго звінавацілі паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП за «пікетаванне ў інтэрнэце», а дакладней, на ўласнай старонцы ў «Одноклассниках». Потым супраць яго высунулі крымінальнае абвінавачанне – паводле  арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).

17 траўня суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў старонку Аляксандра Камлёнка ў «Одноклассниках» «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

Ігар Круглоў