Прызначэнне Ігара Дзехцяра на пасаду начальніка Глыбоцкага РАУС зацверджана загадам Міністра ўнутраных спраў.
Паводле Андрэя Любімава, работа праваахоўных органаў павінна ісці ў кантэксце праведзенага Усебеларускага народнага сходу.
Ігар Дзехцяр выказаў падзяку за давер і запэўніў кіраўніцтва Глыбоцкага раёна, што будзе рабіць усё магчымае для паляпшэння сітуацыі з забеспячэннем правапарадку ў раёне:
Мая мэта - забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне аддзела, падтрымліваць парадак і бяспеку ў Глыбоцкім раёне. Будзем працаваць разам, з павагай да кожнага супрацоўніка і з разуменнем мэт і задач, пастаўленых перад усім аддзелам.
У адрас новага назначэнца выказаўся і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі:
Ваша прызначэнне - гэта важны момант як для нашага раёна, так і для нашага грамадства ў цэлым. Вы ўзялі на сябе значную адказнасць за падтрыманне закону, гарантаванне бяспекі і абарону грамадзян. Ваша роля вельмі важная, і ваша лідарства будзе вызначаць наш агульны напрамак працы. Давяраем вашым прафесійным якасцям, ведам і вопыту. Упэўненыя, што ваша кіраўніцтва прынясе поспех аддзелу. Будзем падтрымліваць вас ва ўсіх вашых пачынаннях, і будзем рады высокім ацэнкам вынікаў вашай працы.
А глыбачанам застаецца толькі спадзявацца на тое, што ў краіне, у якой яе кіраўнік кажа, што цяпер не да законаў, хоць на мясцовым узроўні міліцыянты на чале з яго новым кіраўніком пачнуць сапраўды выконваць законы і гарантаваць бяспеку і абарону грамадзянам, а не служыць лукашэнкаўскаму рэжыму.
Для даведкі: Ігар Дзехцяр нарадзіўся 22 чэрвеня 1984 года ў в. Таргуны Докшыцкага раёна. Скончыў у 2005 годзе Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Службу з 2005 года да гэтага часу праходзіў у Докшыцкім РАУС. У студзені 2020 года прызначаны першым намеснікам начальніка таго ж РАУС.
Юры Святочны