Паводле міліцэйскага пратаколу, Мікалай Качурэц 20 верасня «рухаўся ў групе грамадзян, якія скандавалі «Жыве Беларусь!» і пляскалі ў далоні». На першым паседжанні, якое прайшло 3 лістапада, сведкам з боку міліцыі выступіў намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Першамайскага РАУС маёр Вадзім Склімянок. Ён паведаміў, што Качурэц з'яўляецца злосным парушальнікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і што сёлета ўжо 4 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП.
Вінаватасць актывіста міліцыянты даказвалі і праз відэазапісы, зробленыя падчас шэсця, на якіх маёр Склімянок пазнаў абвінавачанага. Але 3 лістапада, з прычыны адсутнасці Качурца, рашэнне суддзя не агучыла.
У чацвер 5 лістапада суддзя Вераніка Барысава паведаміла, што міліцэйская брыгада выязджала на месца пражывання Мікалая Качурца, але яго не знайшла. «Дзверы зачыненыя і падпёртыя рыдлёўкай», – рапартавалі супрацоўнікі МУС.
Зважаючы на гэтыя абставіны, суддзя вырашыла завяршыць справу без удзелу абвінавачанага і вынесла вердыкт: прызнаць Міколу Качурца вінаватым у правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП і пакараць яго адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.
Апошні раз Качурца затрымлівалі 9 жніўня. Пры затрыманні яго моцна збілі амапаўцы. Суд, які адбыўся 12 жніўня ў ІЧУ, прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якія Мікола Качурэц да канца не адбыў – быў вызвалены 14 жніўня разам з іншымі затрыманымі. Цяпер, у выпадку затрымання, не адбытыя раней 10 сутак могуць дадаць да прысуджаных 15-ці.
Мікола Качурэц прынцыпова не ходзіць на суды, бо лічыць іх залежнымі ад чалавека, які ў Беларусі прызначае суддзяў.
Зміцер Міраш