Віцебская актывістка Антаніна Піванос працягвае сваё змаганьне ў судзе за тое, каб дзяржава выканала рашэньне Камітэту ААН па правох чалавека ў дачыненьні да яе. У адрозьненьне ад першага паседжаньня, што праходзіла пяцьцю днямі раней, 30 красавіка ў суд прыйшоў таксама прадстаўнік адказчыка – галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён зможа наведаць Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога займае шмат часу, таму пабыць дома Паўлу давядзецца каля 1,5 сутак. Нагадаем, да заканчэньня тэрміну Паўлу Севярынцу засталося пяць з паловай месяцаў.

Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэньне аб’яднаць дзьве дзяржаўныя газэты. У выніку зьліцьця рэдакцыяў абласных газэт «Віцебскі рабочы» і «Народнае слова» будзе створанае адно новае выданьне «Витебские вести». Выпуск «Витебских вестей» пачнецца з 1 ліпеня 2013 году, выданьне будзе выходзіць 3 разы на тыдзень, ворганам кіраваньня вызначанае ідэалягічнае ўпраўленьне аблвыканкаму.

Віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку выклікалі ў інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебску. Там яму вынесьлі другое папярэджаньне. «Мне вынесьлі папярэджаньне за той самы эпізод ад 25 сакавіка, калі мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта ня ў тым месцы перайшоў дарогу. Цяпер яны заяўляюць, што я нібыта яшчэ і нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. Як мне сказаў адвакат, хопіць нават двух гэтых папярэджаньняў, каб адправіць мяне назад у турму. Могуць прыйсьці і забраць мяне ў любы момант», - заявіў Сяргей Каваленка.

«Відаць, яшчэ рана пра гэта гаварыць. Я зьбіраюся, а можа не паступлю», — сказаў Сяргей Каваленка. Ён пакуль не гатовы назваць унівэрсытэт, у якім хацеў бы атрымліваць адукацыю: «Я раней вучыўся ў Палітэхніцы. У нас было праграмаваньне — і мне падабалася. Што называецца, “сябрую” з кампутарам. Працягваць адукацыю трэба — мусіць быць вышэйшая адукацыя. Сябры так параілі: мо для палітыкі спатрэбіцца».

На сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава 30 красавіка складзены пратакол пра парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэньне, якога яны на свае вочы ня бачылі – пратакол складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у інтэрнэце. Ян Дзяржаўцаў распавёў, што ў пастарунку размова вялася пра акцыю 26 красавіка, на ўгодкі аварыі ў Чарнобылі, які яны ўдвух зладзілі з аднапартыйцам Віталём Каваленкам.

Праз 5 гадоў пасьля прапановы абласной адміністрацыі ўсталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду раптам актывізавалася «расейская грамадзкасьць» — прынятае рашэньне зьвярнуцца да ўладаў, каб гэтага помніку не было. «Расейская грамадзкасьць», якая пратэстуе супраць усталяваньня помніку князю Альгерду — гэта «актывісты шэрагу арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў, прадстаўнікоў палітычных партыяў, казацтва, праваслаўнай грамадзкасьці і вэтэранаў вайны ў Афганістане», перадае агенцтва REGNUM.

Гэта ўжо традыцыйная акцыя, якая адбываецца штогод. «Некалькі актывістаў сабраліся а 18-й вечара каля крыжа на Ўсьпенскай горцы, а потым усе спусьціліся ўніз — бліжэй да таго месца, дзе Віцьба ўпадае ў Дзьвіну. Калі пачалі пускаць вянок, аднекуль набеглі работнікі камунальных службаў ды пачалі крычаць: „Чаму забруджваеце рэчку розным сьмецьцем?“. А людзі ў цывільным здымалі гэта на відэа. Але наш вянок гэтым разам хутка-хутка паплыў па вадзе, хоць у мінулыя гады яго даводзілася нават штурхаць. А так — як Бог яго падхапіў ды панёс…», — распавёў удзельнік акцыі старшыня абласной суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

У пікеце, які прайшоў 26 красавіка ў цэнтры Віцебску, узялі ўдзел двое сяброў КХП-БНФ. Віталь Каваленка і Ян Дзяржаўцаў цягам прыкладна 30-ці хвілін стаялі ля помніку Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар! Пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль!» Мінакі спыняліся ля пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, рабілі фатаграфіі з дапамогай здымачоў мабільных тэлефонаў.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па грамадзянскім пазове Антаніны Піванос супраць галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці. Актывістка патрабуе, каб, у адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ ААН, ёй выплацілі грашовую кампэнсацыю маёмасьці, якая была канфіскаваная ў яе 25 сакавіка 2008 году, а таксама вярнулі суму штрафу, якім яе пакаралі незаконна.