Старшыня Бешанковіцкага райвыканкаму Галіна Унуковіч 26 студзеня падпісала распараджэнне, у якім раздала абавязкі сваім падначаленым наконт фарміравання участковых выбарчых камісіяў. Старшыня выканкаму абавязала галоўнага спецыяліста аддзелу арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай працы Вольгу Зюлькову рэгістраваць дастаўленыя ў выканкам пратаколы сходаў працоўных калектываў, пасяджэнняў кіроўных органаў раённых арганізацыйных структур, пярвічных арганізацый палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў.
Заявы, падпісаныя грамадзянамі аб вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склады ўчастковых камісій па «рэферэндуме», таксама трэба фіксаваць у адмысловым журнале.
Неабходна адзначыць, што сваім распараджэннем Унуковіч парушыла дзейны выбарчы закон, даручыўшы сваім падначаленым аказваць кансультацыйна-метадычную дапамогу суб'ектам, якія валодаюць, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам РБ, правам вылучэння прадстаўнікоў у склад участковых камісій па «рэферэндуме».
Гэтую адказную, але незаконную місію старшыня Бешанковіцкага райвыканкаму даручыла ажыццяўляць начальніку аддзелу арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай працы Таццяне Петрушэнка.
Нягледзячы на гэтыя парушэнні заканадаўства, работнікі выканкаму ўсе неабходныя для фармаванняў УВК дакументы прынялі і зарэгістравалі.
4 лютага, на пасяджэнні РВК, камісіі, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, члены галіновых прафсаюзаў, рэспубліканскіх грамадскіх абʼяднанняў «Белая Русь», БРСМ, «Беларускі саюз жанчын», «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, былі паспяхова сфармаваныя.
Лявон Яфрэменка