Старшыня КДБ Валер Вакульчык ня вытрымаў. «Шпіёнская справа», якую з такой радасьцю вёў КДБ у дачыненьні да апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова, падобна, скончылася. Замест яе будзе нейкае іншая справа. Пра гэта Вакульчык заявіў 19 чэрвеня журналістам.

Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафэсійнай мэдыя-фатаграфіі “Прэс-фота Беларусі” ёсьць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі “Навіны” з сэрыяй фотаздымкаў, якія былі зробленыя падчас суду над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.

У Віцебску адбылася сустрэча з гендэрнымі экспэртамі і аўтарамі рэсурснага пакету «Гендэрны лікбез» і відэа «Сукенка». Мерапрыемства, якое ладзілі Алена Міньчэня і Вольга Петруковіч, сабрала каля 20 гасьцей. Трэнэры ў рамках жывой дыскусіі распавялі, што гендэрная роўнасьць - гэта ня толькі пытаньне пра роўнасьць мужчын і жанчын. Пытаньне роўнасьці і роўных магчымасьцяў значна шырэйшае.

Віцебскі грамадзкі дзеяч Пётар Іваноў прасіў кампэтэнтныя ворганы ўзбудзіць крымінальную справу супраць судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай, якая, на ягоную думку, сьвядома парушыла закон і несправядліва пакарала яго штрафам у памеры 4-х мільёнаў рублёў па адміністрацыйнай справе. Аднак, выглядае, да крымінальнай адказнасьці могуць прыцягнуць не судзьдзю, а самога Пятра Іванова: па гэта да начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімера Шалухіна зьвярнуўся старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску А.А. Андрушэнка.

13 чэрвеня ў судовае паседжаньне па справе Андрэя Гайдукова выклікалі сьведак. «Гэта былі людзі ў міліцэйскай форме», — сказаў праваабаронца Павал Левінаў. Вольга Гайдукова паведаміла, што суд над яе сынам будзе працягнуты ў панядзелак, 17 чэрвеня. Так ёй сказалі адвакаты Андрэя Гайдукова. Яны паведамілі, што хлопец трымаецца спакойна, але па-ранейшаму не зусім здаровы: гаварыць ня можа праз кашаль. У наступны панядзелак працягнуць дапытваць сьведкаў. У прыватнасьці, у якасьці сьведкі ў суд выкліканы жыхара Наваполацку Ільля Багданаў.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро, дамагаюцца атрыманьня інфармацыі пра апублікаваньне ў Беларусі рашэньня камітэту ААН наконт іх справы. 13 чэрвеня Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр накіравалі на імя кіраўніка МЗС Уладзімера Макея заяву, у якой просяць паведаміць зьвесткі пра тое, якім кампэтэнтным дзяржворганам і ў якім беларускім друкаваным выданьні апублікаванае рашэньне камітэту.

12 чэрвеня Віцебскі абласны суд пачаў разглядаць справу Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Суд закрыты. На працэс не дапушчаныя ні журналісты, ні праваабаронцы. Кіраўніцтва РГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” афіцыйна прасіла старшыню абласнога суду дапусьціць Паўла Левінава да працэсу над Гайдуковым, аднак праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена без тлумачэньня прычын. Маці Гайдукова, якая жыве ў Полaцку, у суд не прыехала. Як лічыць Левінаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што на жанчыну аказваюць ціск, запалохваючы яе.

Журналісты, што прыехалі ў Віцебск на суд над Андрэем Гайдуковым сутыкнуліся з актыўным процідзеяньнем з боку міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным. Калі журналісткі паспрабавалі ўзяць камэнтар у праваабаронцы Паўла Левінава, падышоў нейкі чалавек, які выдааваў зь сябе глуханямога, і стаў перашкаджаць працаваць, паводзіўся неадэкватна. Маёр міліцыі Віталь Вячаслававіч Фралоў неаднаразова заяўляў: «Я Вас папярэджваю: нельга». У журналістак спрабавалі забраць камэру.

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў спрабаваў аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду, дзе яму прысудзілі штраф за несанкцыянаваны пікет у дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаваў касацыйную скаргу на рашэньне таго ж суду: за распаўсюд партыйнага бюлетэню «Магістрат» яму прысудзілі штраф як парушальніку заканадаўства пра СМІ. Абедзьве касацыйныя скаргі адмовілася задаволіць судзьдзя Ірына Смалякова.

Віцебскія прадпрымальнікі 1 ліпеня гатовыя спыніць працу і выплату падаткаў. Пра гэта заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч. Паводле яе слоў, у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца пра немагчымасьць працаваць ва ўмовах тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу “Пра бясьпеку прадукцыі лёгкай прамысловасьці”. Ён набудзе моц 1 ліпеня.