Журналісты незалежных СМІ, блогеры, прадстаўнікі ад апазіцыйных партыяў і няўрадавых арганізацый, а таксама праваабаронцы не змаглі назіраць за працэдурай зацвярджэння сябраў участковых камісіяў і ацаніць, ці адпавядала гэтая працэдура патрабаванням выбарчага заканадаўства.
На ўсіх 22-х афіцыйных рэсурсах выканаўчай улады вобласці адсутнічае інфармацыя аб людзях, якія ўвайшлі ў склад выбаркамаў, улады падаюць грамадскасці толькі агульную інфармацыю.
Так, на сайтах выканаўчых камітэтаў Браслаўскага, Віцебскага, Дубровенскага, Докшыцкага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Аршанскага, Полацкага, Расонскага, Сенненскага, Талачынскага, Ушацкага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў і гораду Наваполацку адсутнічае інфармацыя аб сябрах камісіяў, а таксама звесткі пра тое, хто і якім чынам іх вылучыў.
Па рашэнні кіраўніцтва Бешанковіцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Лепельскага, Гарадоцкага выканкамаў на сайты змешчаная інфармацыя толькі пра колькасць сябраў у камісіях, нумары і назвы ўчастковых камісій, адрас іх размяшчэння і тэлефоны для кантактаў.
Масавая адмова чыноўнікаў адкрыць спісы сябраў участковых камісій, якія будуць лічыць галасы грамадзян на «рэферэндуме», не толькі падрывае давер да вынікаў падліку бюлетэняў. Такім чынам улады наўпрост парушаюць артыкул 13 Выбарчага кодэксу краіны, у якім дэкларуецца прынцып адкрытасці і галоснасці пры падрыхтоўцы і правядзенні рэферэндуму.
Віталь Кажух