Віцебскія актывісты ўжо каторы раз спрабавалі выканаць рашэньне гарвыканкаму “Аб правядзеньні масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”. Згодна зь ім, заяўнікі масавых акцыяў мусяць заключыць дамовы на абслугоўваньне з ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй. Але гэтыя структуры адмаўляюцца супрацоўнічаць з апазыцыянерамі, і Кастрычніцкі райсуд пацьвердзіў: рашэньне гарвыканкаму дазваляе дзяржаўным структурам ухіляцца ад дамоваў.

Супрацоўнікі гарадоцкага прадпрыемства на Віцебшчыне ў рамках добраўпарадкаваньня тэрыторыяў разам зь безгаспадарнымі пабудовамі разабралі жылую хату. Жахлівы інцыдэнт адбыўся пакуль гаспадыня, інвалід 1 групы, была ў лякарні. Рабочыя самавольна дэмантавалі дах, вокны і дзьверы. Пацярпелай жанчыне шкоду не кампэнсавалі.

Беларусы далучаюцца да грамадзянскай акцыі. Жаданьне перапісваць фрагмэнты Бібліі ад рукі выказваюць жыхары розных рэгіёнаў краіны. Да Рыгора Барадуліна, Алеся Сёмухі-Грынберга, Сяргея Антончыка і іншых далучыўся Барыс Хамайда. Вызначаную частку Бібліі актывіст перапісваў у цэнтры Віцебску.

Супрацоўнікі аховы Лукомальскай ДРЭС 5 сакавіка не пусьцілі старшыню пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Аляксея Габрыэля на тэрыторыю прадпрыемства. На думку прафсаюзнага лідэра, адміністрацыя спалохалася яго выступу на канфэрэнцыі працоўнага калектыву. Канфэрэнцыя працоўнага калектыву работнікаў Лукомальскай ДРЭС была прысьвечаная падвядзеньню вынікаў выкананьня мінулай калектыўнай дамовы і абмеркаваньню новай.

13 сакавіка ў Менску на прэс-канфэрэнцыі, прымеркаванай да гадавіны растрэлу Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, маці пакаранага за суўдзел у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва і праваабаронцы распачынаюць сэрыю дзеяньняў з мэтай дамагчыся ад уладаў інфармацыі пра месца яго пахаваньня і выдачы цела. Апошняе спатканьне Любові Кавалёвай з асуджаным на пакараньне сьмерцю сынам адбылася ў сьледчым ізалятары (СІЗА) КДБ 11 сакавіка 2012 году. Маці пакаранага і праваабаронцы лічаць, што Ўладзіслаў быў пакараны ў пэрыяд з 12 па 15 сакавіка. Дакладнай інфармацыі няма.

Падлеткавую папраўчую калёнію ў Віцебску плянуюць зачыніць. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Валер Мялешка. “Паступова мы прыйшлі да таго, што ў нас застанецца адна падлеткавая калёнія - у Бабруйску, дый там зьмяшчаецца зусім ня шмат зьняволеных. Раней такіх калёніяў было тры - яшчэ дзьве ў Віцебску. Адна зь іх зачыненая некалькі гадоў таму, другую таксама плянуецца зачыніць”, - распавёў Валер Мялешка.

Віцебская цэнтральная гарадзкая паліклініка адмовілася заключыць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. І гэта можа стацца перашкодай для атрыманьня дазволу на мітынг. Бо наяўнасьць дамоваў на абслугоўваньне — гэта першасная ўмова, рэглямэнтаваная рашэньнем гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Таму кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў вырашыў змусіць мэдыкаў да заключэньня дамовы праз суд.

Парушэньні заканадаўства пры абслугоўваньні спажыўцоў выяўленыя ў лютым ва ўсіх правераных Камітэтам дзяржаўнага кантролю крамах Віцебску і Віцебскага раёну, паведамілі ў КДК Віцебскай вобласьці. КДК вобласьці ў лютым правёў кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 19 гандлёвых аб’ектах. Вынікі мерапрыемстваў сьведчаць пра недастатковы кантроль за станам гандлёвага абслугоўваньня насельніцтва з боку гандлёвых арганізацыяў, ворганаў мясцовага кіраваньня, а таксама мясцовых наглядных ворганаў па недапушчэньні парушэньняў і іх прафіляктыцы, лічаць у ведамстве.

Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны плянуюць удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ў 2014 годзе. Пра гэта «Віцебскай Вясьне» паведаміла абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец. Зрэшты, падкрэсьліла яна, пакуль яшчэ гэта не афіцыйная пазыцыя.

Віцебскі гарвыканкам адмовіў актывісту КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву ў дазволе на правядзеньне вулічнага шэсьця, прымеркаванага да 150-х угодкаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Прычына забароны акцыі стандартная: адсутнасьць дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».