Чацвер, 14 Ліпень 2022

СК вырашыў, што складу злачынства ў допісе Ціны Палынскай няма

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта полацкая журналістка напісала ў Фэйсбуку, каментуючы звесткі пра вяртанне кампутара і мабільнага тэлефона, забраных падчас ператрусу. Нагадаем, СК праводзіў праверку па факце допіса ў Фэйсбуку, які Ціна Палынская зрабіла напярэдадні візіту ў Полацк кіраўніка РПЦ у Беларусі Патрыярха Кірыла. У міліцыі ёй паведамілі, што яе справу перадалі ў пракуратуру, якая павінна зацвердзіць або аспрэчыць рашэнне следчых пра адсутнасць складу злачынства.

Паводле журналісткі, ёй вярнулі аргтэхніку, забраную падчас ператрусу 5 чэрвеня, які адбыўся ў яе дома пасля з’яўлення допіса ў сацыяльнай сетцы. Допіс яна знішчыла, напісаўшы, што шкадуе, калі ягоны змест кагосьці абразіў. Следчы камітэт прызначыў лінгвістычную экспертызу, вынікі якой сталі падставай для высноваў следчых. Але журналістка не мае пэўнасці, што вердыкт пракуратуры будзе на ейную карысць. “Не можа быць апраўдалкі па выніках працы СК. Яны напісалі "злачынства няма", але пракуратура павінная гэта верыфікаваць.  З аднога боку, я разумею, што няма нічога на мяне. Але навіны пра іншых, у тым ліку, па новых працэсах у горадзе, не пакідаюць надзеі,”—піша Ціна Палынская. 

За допіс пра візіт патрыярха Кірыла на Ціну Палынскую былі завялі адміністрацыйную справу, і нават перадалі яе ў суд. Але разгляду не адбылося, бо суд пастанавіў накіраваць справу на дапрацоўку ў міліцыю. Праз пэўны час журналістка атрымала паведамленне, што адміністрацыйная справа супраць яе скасавана.

Таксама жанчына піша, што ў міліцыі, дзе ёй аддалі аргтэхніку, гаворка вялася і пра «экстрэмісцкія матэрыялы». Паводле Ціны Палынскай, супрацоўнікі Полацкага ГАУС абмяркоўвалі рэпосты на яе старонцы ў Фэйсбуку. Але пратаколу па арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў на яе не складалі.

Міхась Хмара