Серада, 04 Лістапад 2026

Віцебскі вядучы вяселляў распавёў пра палітычны данос

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасля карпаратыўнай сустрэчы з калегамі нехта напісаў у чат-бот МУС пра тое, нібыта Віталь Савельеў дапускаў “абразлівыя выказванні палітычнага характару”. Праз дзве гадзіны па сканчэнні мерапрыемства да вядучага прыехаў нарад міліцыі па тлумачэнні.

Савельеў патлумачыў, што пра “палітыку” не вялося – што падчас штогадовага карпаратыву гучалі розныя жарты, і ён сам проста пажартаваў пра калегу. Якога, дарэчы, падчас сустрэчы не было, але які нібыта і звярнуўся ў міліцыю.

Віталій Савельеў спраўдзіў, ці насамрэч калега звяртаўся ў чат-бот, і атрымаў адмоўны адказ. Усю гэтую гісторыю ён распавёў у сваім Tik-Tok-канале, і на гэты відэаролік звярнуў увагу Telegram-канал “Витебск, я гуляю! | Новости Витебска”.

Вядучы абураны: ён не чакаў, што нехта з калег здольны напісаць данос. У каментарах да відэароліка нехта яго падтрымлівае і абураецца таксама, згадваючы практыку 1937-га году, а нехта раіць не жартаваць пра адсутных. Хтосьці просіць выкласці сам жарт, каб разумець аб’ектыўную карціну, а хтосьці мяркуе, што”падставіць” вядучага маглі ягоныя канкурэнты.

"У сучасным свеце гэта вельмі сур'ёзнае абвінавачанне. Кепска, што гэта можа сапсаваць жыццё табе і тваёй сям'і", - канстатуе Віталій Савельеў.

Алег Рубцоў