Пятніца, 30 Кастрычнік 2026

Як вядзецца вайскова-патрыятычнае выхаванне ў школе, дзе менш за 60 вучняў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Віцебская вясна” прааналізавала, якія кампаненты ўваходзяць у сучасны выхаваўчы працэс у Парплішчанскай сярэдняй школе, што ў Докшыцкім раёне. Паводле намесніцы дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганны Маркевіч, яно “ахоплівае ўсе ключавыя напрамкі: ад вывучэння дзяржаўнай сімволікі да пагружэння ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны”. Увесь гэты ідэалагічны масіў абрынуты на галовы некалькіх дзясяткаў дзяцей, якіх у кожным класе — па 6–7 чалавек. Пры гэтым Парплішчанская СШ на паперы лічыцца школай з беларускай мовай навучання. Але патрыятызм у вучняў выхоўваюць па-расейску. І пры поўным  ігнараванні гісторыі малой радзімы да 1941 года.

У маі тут праводзяць класныя гадзіны “Сімвалы краіны”, дзе вывучаецца гісторыя сцяга, герба і гімна, якую для вучняў распавядаюць пачынаючы з перыяду кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Уся астатняя праграма выхаваўчых мерапрыемстваў — гэта пра мінулую вайну, генацыд беларускага народа і “гатоўнасць бараніць радзіму”.

Цягам каляндарнага года вучняў звазілі на плошчу Перамогі ў Мінску і на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, дзе падлеткі “прайшлі па сімвалічным шляху партызан, агледзелі зямлянкі і лясную школу”, з дзецьмі асобна вывучалі матэрыялы пра разгром нямецкага гарнізона каля чыгуначных бункераў у Порплішчы ў лістападзе 1943 года. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучаніца Дар’я Вайцяховіч стварыла відэарэканструкцыю пра вёску Порплішча ў гады вайны для раённага конкурсу “Той самы доўгі дзень у годзе”.

Непасрэдна ў школе была арганізавана выстава “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маёй сям’і”, сабраная з дакументаў, узнагарод і фатаграфій прадзедаў вучняў, якая потым “пераўвасобілася ў міні-музей баявой і працоўнай славы”.

Для дзяцей праводзілі віктарыну “Нам дадзена права памятаць” і адзіныя ўрокі, прысвечаныя Дню Перамогі, інфармацыйныя гадзіны “Трасцянец і Азарычы: Ніколі больш!” і “Планы нацысцкай Германіі”. Школьнікі прымалі ўдзел у раённых акцыях “Вахта Памяці” і “Свечка памяці”, у мерапрыемстве “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” і ўскладанні кветак да помніка воінам-землякам у Порплішчы.

Школьная каманда “Артылерысты” ўдзельнічала ў гульні “Зарніца”, адна з вучаніц перамагла ў “конкурсе ваенных карэспандэнтаў”. Не абыходзіцца ў гэтай школе і без сустрэч з сілавікамі.

“Ваенізаванае” ідэалагічнае выхаванне патрыятызму ў Парплішчанскай школе цалкам ігнаруе зварот да больш даўняга мінулага, якім вучні сапраўды маглі б ганарыцца. Ім не расказваюць пра тое, што Порплішча мае слаўную і глыбокую гісторыю, якая пачалася яшчэ ў 1529 годзе, калі вёскай валодалі знакамітыя магнаты Чартарыйскія і Зеновічы. Як і пра тое, што мясцовая Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1627 годзе, з'яўляецца адным з найстарэйшых драўляных храмаў Беларусі і за чатыры стагоддзі ні разу не зачыняла свае дзверы для вернікаў. І што яскравым прыкладам згуртаванасці іх продкаў з'яўляецца будаўніцтва драўлянага касцёла Панны Марыі Каралевы за грошы тутэйшых парафіян і сіламі мясцовых майстроў. Гэтую святыню яны паспелі супольна ўзвесці і асвяціць літаральна перад самым пачаткам вайны — у чэрвені 1941-га.

Марыя Залётнева