Серада, 04 Лістапад 2026

Супраць палітзняволенай Вольгі Брыцікавай у калоніі ладзілі правакацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра тое, як былая лідарка незалежнага прафсаюзу "Нафтана" адстойвала правы жанчын у гомельскай ПК-4, выданню "Зеркало" распавяла адна з былых зняволеных гэтай калоніі. Паводле яе словаў, супраць Брыцікавай спрабавалі настроіць іншых зняволеных, а саму Вольгу пакаралі 7-мю суткамі ў ШИЗА за тое, што яна змагалася за ўласныя правы і правы іншых зняволеных у жаночай калоніі.

Нядаўна былыя зняволеныя ПК-4 паведамлялі і пра тое, што Вольга Брыцікава, найверагодней, была ў спісах на апошняе вызваленне па памілаванні – у шэрагу тых зняволеных, якіх вывезлі ў Літву сёлета ў верасні. Але Вольга катэгарычна адмовілася ад гэтага варыянту, бо хоча застацца ў Беларусі, нават калі для гэтага давядзецца адбыць увесь тэрмін.

Вольга Брыцікава - былая старшыня незалежнага прафсаюза "Нафтан", яна адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 16 гадоў і праз сваю грамадзянскую пазіцыю была звольнена. Зараз актывістка незалежнага праваабарончага руху знаходзіцца ў зняволенні: Віцебскі абласны суд двойчы судзіў яе па палітычна матываваных крымінальных артыкулах, па сукупнасці ёй прызначана 6 год пазбаўлення волі.

У траўні 2022-га Вольга Брыцікава  адбыла за кратамі  запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год абыла ў няволі  105 дзён. Лідарку незалежнага прафсаюзу зноў затрымалі 11 жніўня 2023 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць прафсаюзнай лідаркі. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.

8-га красавіка 2024 года Віцебскі абласны суд закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі. Тады суддзя Галіна Бондал прызнала актывістку вінаватай толькі паводле ч. 1 арт. 130 КК.

11-га  чэрвеня 2024 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Брыцікавай, але пакінуў яе без задавальнення, а прысуд без зменаў. 28 чэрвеня імя і прозвішча Вольгі Брыцікавай  ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Напрыканцы чэрвеня Вольгу перавялі ў гомельскую ПК-4.

Праз некаторы час жанчыну судзілі зноў: супраць яе высунулі новыя крымінальныя абвінавачанні. Яе справу ў Віцебскім абласным судзе гэтаксама ў закрытым рэжыме разбіраў суддзя Яўген Буруноў. да прысуджанага раней тэрміну зняволення ёй дадалі яшчэ тры гады. 

У снежні 2025 года Вольга Брыцікава стала лаўрэаткай праваабарончай прэміі ў намінацыі "Праваабарончая салідарнасць". 

Вольга Валуева