Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3306 скаргу журналіста Змітра Лупача з Глыбокага. Журналіст настойвае на тым, што беларуская дзяржава парушыла патрабаванне арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – то бок крытычна абмежавала яму магчымасці свабодна выказваць прафесійнае меркаванне.

21 траўня з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) выйшла на волю 23-гадовая Лізавета Кірыенка, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Лізавету павінны былі вызваліць яшчэ 6 траўня, але незадоўга да заканчэння тэрміну на яе завялі новую адміністрацыйную справу – суд дадаў ёй яшчэ 15 сутак арышту. Агулам за кратамі яна правяла 25 дзён.

У Віцебску распачалі крымінальную справу за зняважлівы каментар у сацыяльных сетках на адрас Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК). Яго нібыта зрабіў 39-гадовы жыхар абласнога цэнтру. Мужчыне пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму.

20 траўня з ізалятару часовага ўтрымання ў Віцебску вызвалілі Алену Радзькову, Наталлю Рэфенкулаву, Аляксандра Шэлепня. Яны былі затрыманыя ў Полацку і Наваполацку на 72 гадзіны як падазраваныя ў крымінальнай справе па арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») і этапаваныя ў Віцебск. Пазней на волю павінен быў выйсці Артур Сінега.

Суддзя Докшыцкага раённага суду Дзяніс Корсак 18 траўня спыніў адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле арт. 23.5 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»), паведамляе служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пракуратура гораду Віцебску распачала крымінальную справу за публічную абразу пракурорскага работніка ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), паведамляе служба інфармацыі пракуратуры віцебскай вобласці.

17 траўня ў Наваполацку былі затрыманыя каля 10 актывістаў, у тым ліку давераная асоба Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Алена Радзькова і актывіст Артур Сінега. Паводле крыніцы, якая пацвердзіла факт затрымання, актывісты дагэтуль застаюцца пад вартай.

На петыцыю, з прапановай назваць новыя вуліцы гораду ў гонар вядомых віцяблян, прыйшоў адказ. Начальнік аддзелу архітэктуры Віцебскага гарвыканкаму паведаміў, што аналізаваць грамадскую думку не ў яго кампетэнцыі. Прапановы будуць накіраваныя ў гарсавет.

15 траўня пасля 10-дзённага арышту на волю выйшла студэнтка 4 курсу ВДУ імя Машэрава Марыя Агіевіч. Яна адбывала пакаранне за фота з сяброўкамі, якое яны зрабілі пад Кіраўскім мостам у Віцебску (арт. 24.23 КаАП). Сустрэць дзяўчыну на выхадзе з ІЧУ не ўдалося.

13 траўня Віцебскі абласны суд вынес рашэнне наконт прыватнай скаргі віцяблянкі Алены Шабуні на пастанову суду Кастрычніцкага раёну аб пакіданні без руху скаргі на рашэнне пракурора Віцебскай вобласці. Скаргу ў аблсудзе разглядаў суддзя Віктар Быстроў. Алена Шабуня на судзе не прысутнічала.