Таксама, пэўна, да грамадскіх актывістаў і камуністаў аднеслі і пракурора горада Ігара Валынца. А, можа, сапраўды, так і ёсць. Менавіта яго прозвішча стаяла на ордарах на вобшукі ў шматлікіх сапраўдных беларускіх актывістаў Глыбокага і Паставаў ды і з яго вуснаў гучалі шматлікія абвінавачванні ў адрас нязгодных з дзеяннямі ўладаў. Хоць, гэта і ёсць, напэўна, з гледжання ўладаў Беларусі і іх прыспешнікаў добрая такая актыўнасць. Вось толькі на карысць каго: людзей ці ўсё ж чыноўнікаў?
Таксама на фота заўважныя былая і цяперашняя кіраўнікі праўладнага аб’яднання “Белая Русь” Людміла Чэбан, цяпер начальнік дома адпачынку “Чачалі”, і Таццяна Гаўрылава, начальнік аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.
Праўда, на сайце райвыканкама цяпер не знойдзеш, колькі грамадскіх арганізацый існуе ў раёне і хто імі кіруе. І хоць там, вядома, усе праўладныя структуры, гэтыя звесткі ўлады ў такі неспакойны час вырашылі схаваць. Пакінулі толькі інфармацыю пра прафесіянальныя саюзы. А раней такая інфармацыя была ў агульным доступе.
Калі схавалі, відаць, што няма чым ганарыцца альбо ў Глыбокім дзейнічаюць таемныя грамадскія аб’яднанні, пра якія звычайным людзям ведаць і не трэба, як, напрыклад, Ку-клукс-клан у ЗША ці масоны? Але гэта, канешне, ужо занадта для Глыбокага.
Як піша “Веснік Глыбоччыны”, Міхаіл Чарапкоўскі расказаў пра работу, якая праводзілася ў горадзе па захаванні гістарычнай памяці, падзякаваў актывістам, якія ўнеслі важкі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, праслаўленне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і ўручыў ім памятныя медалі "У азнаменаванне 100-годдзя адукацыі СССР". "100 гадоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай ССР". Толькі вось невядома, якім актывістам – сваім сябрам-чыноўнікам ці яшчэ каму?
Ды і ўвогуле напрошваюцца асноўныя пытанні: навошта такія імпрэзы, якія ладзяцца для галачкі, і за які кошт праводзяцца адпаведныя непатрэбныя людзям імпрэзы? Заўважу, людзям, а не чыноўнікам. Хоць сумняваюся, што і ім асабліва яны патрэбныя, бо праводзяцца ў асноўным па разнарадцы. Туды часта не з вялікім задавальненнем ідуць і самі чыноўнікі, не кажучы ўжо пра людзей, якія павінны абслугоўваць падобныя мерапрыемствы. Як, напрыклад, у дадзеным выпадку - раённая бібліятэка і мясцовая школа мастацтваў, якая прадастаўляе сваіх вучняў для стварэння музычнай атмасферы.
Інга Сташэўская