Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.

Апублікавана ў Рознае

Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва. Гэтая жанчына не пакінула змагацца за свайго сына і пасьля выкананьня прысуду. Зараз яна дамагаецца выдачы цела растралянага Ўладзіслава Кавалёва, дагэтуль ёй вярнулі нават ня ўсе яго асабістыя рэчы.

Апублікавана ў Рознае

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды». На сустрэчу зь пісьменьнікам, што ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 7 лютага, прыйшло больш за 100 чалавек – мясцовых літаратараў, студэнтаў, настаўнікаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Апублікавана ў Рознае

Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці завёў уліковыя запісы ў сацыяльных сетках для пошуку даўжнікоў. Неплацельшчыкам адпраўляюць паведамленьні пра запазычанасьці, памеры даўгоў і інфармуюць пра пачатак у дачыненьні да іх выканаўчых вытворчасьцяў. Гаспадарчы суд ужо ня раз сутыкаўся з сытуацыямі, калі даўжнікі хаваюцца ад судовых выканаўцаў, аднак рэгулярна наведваюць сацыяльнай сеткі. Тут яны выкладаюць фатаграфіі з адпачынку або побач са сваім дарагім аўтамабілем. Гэта дазваляе скласьці ўяўленьне пра маёмаснае становішча даўжнiка, яго прыкладны ўзровень даходаў, наяўнасьці аўтатранспарту.

Апублікавана ў Суд

Віцебскі актывіст партыі “Белая Русь” і ўдзельнік “Камітэту Нацыянальнага выратаваньня” Сяргей Рыжоў паведаміў, што за яго дзейнасьць улады перасьледуюць яго маці, якая хварэе дыябетам і якой адмаўляюць у выдачы неабходных лекаў: “Яна хворая на цукровы дыябет, вымушаная была зьвярнуцца са скаргамі да кіраўніцтва паліклінікі, у гарадзкі і абласны аддзелы аховы здароўя, і ніхто гэтыя пытаньні не вырашае. Адмаўляюць у выпісцы прэпаратаў, якія ёй рэкамендаваныя для падтрымкі арганізму. Сытуацыя проста выпадае нават за рамкі дазволенага. Кожны раз, калі адбываецца нешта, што выклікае рэзананс у грамадзтве, ціск ладзіцца менавіта на чальцоў сям’і”.

Апублікавана ў Рознае

Усе гарады абласнога падпарадкаваньня Віцебскай вобласьці выйшлі ў 2012 годзе на ўзровень заработнай платы $500 у эквіваленце. Пра гэта паведаміў 6 лютага старшыня камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Хрыстафораў на выніковай калегіі ведамства.

Апублікавана ў Правы працоўных

Падатковымі інспэкцыямі Віцебскай вобласьці за 2012 год па пытаньнях, што ўваходзяць у кампэтэнцыю падатковых ворганаў, правераныя 7 732 дзейныя суб’екты гаспадараньня. Як паведамляе прэс-цэнтар Міністэрства па падатках і зборах, парушэньні заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве выяўленыя ў 7 567 выпадках. Удзельная вага плацельшчыкаў, у дзейнасьці якіх былі выяўлены парушэньні, склала 98%.

Апублікавана ў Рознае

Пракурор Першамайскага раёну Віцебску старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі, разгледзеўшы матэрыялы праверкі па факце прычыненьня цялесных пашкоджаньняў сябру партыі БНФ Аляксею Гудзіліну, прыняў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу 153 КК. Такая пастанова была прынятая пасьля заявы ў пракуратуру Віцебскай вобласьці старшыні віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніда Аўтухова з просьбай да пракурора ўзяць пад асабісты кантроль бесстароннасьць, апэратыўнасьць, паўнату і выніковасьць сьледча-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўных ворганаў па выяўленьні і прыцягненьні да адказнасьці вінаватых.

Апублікавана ў Рознае

Камітэт па правох чалавека ААН зарэгістраваў скаргу віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацьцяны Севярынец. Нагодай для звароту ў КПЧ ААН стала рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску паўтарагадовай даўнасьці, згодна зь якім актывістка нібыта парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, за што была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Апублікавана ў КПЧ ААН

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэту па правох чалавека ААН па справе яе сына. Беларусь, паводле рашэньня камітэту, павінна прызнаць, што ў адносінах да Ўладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыцьцё і абарону, прэзумпцыя невінаватасьці і справядлівага судовага разьбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэньня.

Апублікавана ў КПЧ ААН