Нядзеля, 02 Лістапад 2014

Дэпутатка парлямэнту Нямеччыны ўзяла шэфства над палітвязьнем Ігарам Аліневічам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Заклапочанасьць наконт умоваў утрыманьня пад вартай вязьня Ігара Аліневіча выказала дэпутатка парлямэнту ФРГ Марылуізэ Бэк. Яна напісала ліст амбасадару Беларусі ў Нямеччыне з патрабаваньнем стварыць годныя ўмовы турэмнага ўтрыманьня палітвязьню.

“У дадатак да шматгадовага тэрміну пазбаўленьня волі ён у цяперашні час у пакараньне ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры і павінен цэлыя дні знаходзіцца ў неацяпляльным памяшканьні бяз коўдры і пасьцельнай бялізны. Лісты, што яму накіроўваюцца, напрыклад, віншаваньні з днём народзінаў, не дастаўляюцца. За паўгода яму было дазволена патэлефанаваць сваім бацькам толькі адзін раз. Пры такіх умовах утрыманьня пад вартай Ігар Аліневіч пазбаўлены асноўных правоў чалавека”, - гаворыцца ў лісьце, накіраваным беларускаму амбасадару ў Бэрліне.

Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч расказала, што на Ігара цяпер чыніцца велізарны ціск. “Некалькі дзён таму мой муж і адвакат наведалі калёнію, у якой знаходзіцца мой сын. Першыя 10 дзён у ШЫЗА былі прысуджаныя за адмову ад прыборкі месцаў агульнага карыстаньня (прыбіральняў), другія 10 дзён пакараньня - прычына тая самая. Падаўжэньне тэрміну яшчэ на 10 дзён - за нібыта размовы з суседняй камэрай. Начальнік калёніі ў асабістай гутарцы з маім мужам сказаў, што гэтыя парушэньні настолькі сур’ёзныя, што Ігара могуць перавесьці ў крытую турму і павялічыць турэмны тэрмін. Ігара зьмясьцілі ў асобную камэру. Коўдры, пасьцельных прыналежнасьцяў, цёплых рэчаў, пісьмовых прылад, кніг, прадуктаў харчаваньня няма, як і сувязі з вонкавым сьветам. Менавіта такім чынам штучна ствараюць злосных парушальнікаў рэжыму. На яго цяпер аказваюць велізарны ціск”, - сказала Валянціна Аліневіч.

Нямецкая дэпутатка Марылуізэ Бэк адзначае, што Ігар Аліневіч прызнаны праваабаронцамі палітычным вязьнем і што судовы працэс і прысуд супраць Аліневіча сьведчаць пра палітычныя матывы яго асуджэньня. “Я лічу загадам гуманнасьці неадкладнае стварэньне годных умоў турэмнага зьняволеньня для Ігара Аліневіча і дазвол яму кантакту зь сям’ёй і з адвакацкай абаронай. Я ўзяла на сябе шэфства над справай Ігара Аліневіча і патрабую яго неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі”, - заяўляе ў лісьце нямецкая дэпутатка.

61-гадовая Марылуізэ Бэк (Marieluise Beck) - дэпутатка парлямэнту ФРГ з больш як 30-гадовым стажам. З 2005 году яна ўваходзіць у камітэт бундэстагу па міжнародных справах. Бэк - экспэрт фракцыі “Саюз-90″/”Зялёныя” па Ўсходняй Эўропе.

Нагадаем, 27 траўня 2011 году судзьдзя Заводскага раёну Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцьненага рэжыму. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсьця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно “Шангры Ла” і ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, а таксама падпале дзьвярэй філіялу “Беларусбанку”.

belaruspartisan.org