Значная колькасьць фатаздымкаў — дзеці са зброяй: яны ня толькі вучацца зьбіраць-разьбіраць аўтамат, але й па-баявому цэляцца ў сваіх жа сяброў. Настаяцель храму Раства Прасьвятой Багародзіцы, намесьнік благачыннага па працы з моладзьдзю гіерэй Алег Плаксіцкі тлумачыць:
«Гэта, верагодна, памылка тактычная, але не ідэалягічная. Я разумею, настаўляць зброю на чалавека нельга. Але найбольш нашы зборы крытыкуюць не за гэта, а за георгіеўскія стужкі, якія павязалі дзеці. Павязалі хто дзе хацеў. І для мяне асабіста гэта не „каларадзкія“ стужкі, як пішуць у камэнтарах, а сымбаль антыфашызму — такія стужкі былі на ордэне Славы і на мэдалі за перамогу над фашысцкай Германіяй. Мы супраць фашысцкіх настрояў, якія распальваюцца цяпер у Беларусі. І я ніколі не адкажу на заклік „Слава героям!“, папулярны на Ўкраіне, бо менавіта ўкраінцы спалілі Хатынь».
Пра Ўкраіну айцец Алег Плаксіцкі загаворвае сам, без пытаньняў-наводак: у камэнтарах да фотарэпартажу з вучэньняў шмат хто пісаў, што вось гэткім чынам рыхтуюць будучых баевікоў, якія панясуць «русский мир». Кіраўнік праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва перакананы, што расейскіх вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне няма. Затое нібыта ёсьць нейкія ўзброеныя атрады, якія хаваюцца ў беларускіх лясах:
«Мне прыхаджане казалі, што бачылі такія атрады пад Віцебскам. Там вучацца ваяваць і крычаць „Жыве Беларусь!“ Дык што сытуацыя ў нас цяпер далёка не спакойная, і вельмі важная вайсковая падрыхтоўка, а таксама патрыятычнае выхаваньне. Мы супрацоўнічаем з рознымі дзяржаўнымі структурамі, з МНС, з вайскоўцамі, і дзеці атрымліваюць навыкі, прадугледжаныя яшчэ колішнім школьным курсам пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Гэта ўжо ня першыя нашы зборы, але якраз цяпер розныя апазыцыянэры выступаюць супраць нас, бо ў нашых выхаванцаў георгіеўскія стужкі».
Апазыцыянэрамі кіраўнік праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва называе тых, хто піша ў інтэрнэце няўхвальныя камэнтары на адрас ягонай ініцыятывы. Адказваюць на іх у суполцы «Ўкантакце» пераважна самі падлеткі. Яны ў разгубленасьці, бо не да канца ўсьведамляюць, пра што гаворка: для іх вучэньні — гэта перадусім гульні, у тым ліку са зброяй. Ні з падзеямі ва Ўкраіне, ні зь нібыта існаваньнем узброеных атрадаў у віцебскіх лясох яны вайсковыя зборы ня зьвязваюць. А кіраўнік брацтва раіць ім у спрэчкі ня ўвязвацца, бо гэта «палітыка».
Што ж тычыцца абвінавачаньня на адрас украінцаў у зьнішчэньні Хатыні, то гісторыкі тут не сыходяцца ў адзінай думцы. У матэрыяле «Хатынь: і праз 70 гадоў застаюцца таямніцы» доктар гістарычных навук, прафэсар Аляксей Літвін пракамэнтаваў вэрсію, што Хатынь нібыта спалілі карнікі са 118-га ўкраінскага ахоўнага батальёну:
«Ну як гэта ўкраінскі? Гэта такая дурнота! 118-ты шуцманшафт-батальён. Ведамства СС — Гімлера стварала гэтыя батальёны. Туды ўключалі і галяндцаў, і летувісаў, эстонцаў, латышоў. Туды залічвалі і ворагаў савецкай улады, і беларусаў у тым ліку. Немцы самі лічылі іх як нямецкія фармаваньні. Там былі і немцы, асуджаныя за розныя правіннасьці. Як і сам кіраўнік батальёну Дырлевангер. Гэта першы быў кшталту штрафных батальёнаў у Нямеччыне. А потым ён у нас тварыў усялякія беззаконьні», — сказаў Аляксей Літвін.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/771-pravaslaunae-bratstva-rykhtue-yunykh-kalaradau#sigProId048f38738d
фота: vk.com/album-55256145_205031926
Крыніца: Радыё Свабода