Больш за месяц няма лістоў ад палітвязня Мікалая Статкевіча
Жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч напісала ў Фэйсбуку, што ўжо месяц не атрымлівае лістоў ад мужа, які адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі. Жанчына мяркуе, што лісты могуць не праходзіць турэмную цэнзуру, бо Мікалай Статкевіч піша пра цяжкія ўмовы ўтрымання за кратамі і пра новы пазоў да групы асуджаных, у тым ліку і да яго самога, каб спагнаць вялікую суму грошай «за дадатковую працу» сілавікоў падчас падзей 2020 году. Што да самога палітыка, то ён быў затрыманы яшчэ 31 траўня 2020 году ў Менску, калі ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
Палітвязень Аляксандр Целешман пакараны бестэрміновым утрыманнем у ШІЗА
Адміністрацыя Наваполацкай калоніі №1 трэціруе палітвязня Аляксандра Целяшмана. За дзесяць месяцаў знаходжання ў папраўчай установе па ініцыятыве кіраўніцтва ўстановы яе тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Зараз, т.б. больш за месяц, ён знаходзіцца ў ШІЗА, куды быў змешчаны яшчэ 16 жніўня. Сваякі страцілі з ім сувязь, бо лісты ад яго даўно не прыходзілі. Прычыны па якіх палітвязень сурова пакараны звязаныя з невыкананнем ім рэжыму адбыцця пакарання.
Віцебскай міліцыі загадана адсочваць расейскіх «ухілістаў» ад мабілізацыі
Мясцовыя міліцыянты атрымалі распараджэнне звяртаць увагу на расейскія нумары аўтамашын на паркоўках і ўсталяваць кантакты з тымі, хто здае кватэры «на суткі», а таксама правяраць дакументы ў грамадзян прызыўнога ўзросту, якія па тых ці іншых прыкметах падаюцца падобнымі да ўцекачоў з-за ўсходняй мяжы. Новыя абавязкі на беларускіх сілавікоў усклалі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвесціў аб правядзенні мабілізацыі 21 верасня, і жыхары Расейскай Федэрацыі масава пачалі ўцякаць за межы сваёй краіны.
Віцебскія ўлады распачалі працэдуру ліквідацыі сельгаспрадпрыемства "Тулава"
Дзяржаўнае прадпрыемства "Эксперыментальная база "Тулава" з 17 жніўня знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Яно мае 2 млн. рублёў доўгу, ёсць запазычанасці выплат у бюджэт і ў пенсіённы фонд. Але ліквідацыя сельгаспрадпрыемства адкрывае перад уладамі Віцебска магчымасць выкарыстання яго земляў пад камерцыйную забудову.