У СМІ і сацыяльных сетках з’яўляюцца паведамленні пра затрыманні расейскіх грамадзянаў -- мужчын прызыўнога ўзросту – на расейска-беларускай мяжы. Так, 26 верасня з цягніка, які ішоў з Пецярбурга, на апошняй станцыі перад уездам на тэрыторыю Віцебскай вобласці высадзілі пяцёра чалавек. Памежнікі выдалі затрыманым апавяшчэнні, што выезд забаронены на падставе закона аб мабілізацыі, і што па тлумачэнні ім трэба звярнуцца ў ваенкамат па месцы пастаноўкі на ўлік.
Пра забарону на ўезд у Беларусь праз аўтапераход Завольша-Рудня паведамляюць у інтэрнэт-пабліках і віцебскія кіроўцы, якія назіралі за праверкай дакументаў на мяжы. Цяпер міліцыянтаў Віцебшчыны заабавязалі расшукваць тых, хто паспеў трапіць за беларускую мяжу яшчэ да татальных памежных праверак. Але канкрэтных загадаў, што рабіць з выяўленымі расейскімі «ухілістамі», віцебская міліцыя пакуль не атрымала.
Жанна Жалейка