У апошнім лісце, які атрымала Марына Адамовіч, палітвязень паведамляў, што яго нарэшце пачалі выводзіць на прагулкі. Раней яму адмаўлялі з прычыны таго, што на прагулачных дворыках вёўся рамонт. «Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. У выніку кожная «прагулка» заканчваецца спагнаннем. А што? Проста ж! І прыдумваць нічога не трэба!» – паведамляе жонка зняволенага.
Марына Адамовіч цвердзіць, што муж пісаў да яе ў канкрэтныя даты, але яна гэтых лістоў не атрымала. Між тым, у адным з допісаў было паведамленне пра новы пазоў, выстаўлены Мікалаю Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку і іншым – групе з шасці чалавек, якіх асудзілі ў снежні 2021г. Цяпер, апрача пакарання зняволеннем, да іх выставілі дадатковыя фінансавыя прэтэнзіі – «за цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі» міліцыянтаў у 2020-м годзе. І хаця прыкладаліся гэтыя высілкі ў асноўным падчас падзеяў пасля 9-га жніўня, «асаблівая вытанчанасць у тым, што нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га», падкрэслівае Марына Адамовіч. Паводле вядомай ёй інфармацыі, працэс па новым пазове супраць Мікалая Статкевіча і іншых ужо ідзе ў адным з судоў Гомеля.
9 месяцаў таму гэтаксама гомельскі суд вынес выракі «шасцёрцы» падсудных: прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны да 18-ці гадоў пазбаўлення волі, удзельнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Арцём Сакаў і мадэратар сацыяльных сетак праекту «Страна для жизни» Дзмітрый Папоў – да 16-ці гадоў, блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч – да 15-ці гадоў, палітыку Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Тэрмін пакарання палітвязень адбывае ў глыбоцкай ПК №13 ва ўмовах асаблівага рэжыму.
Феліцыян Красоўскі