Наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская прысвяціла карціну Нобелеўскаму лаўрэату, праваабаронцу Алесю Бяляцкаму
Карціна называецца «Вясна прыйдзе!» «Гэтую працу я прысвячаю Алесю Бяляцкаму – беларускаму праваабаронцу, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязню, «вязню сумлення», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года», напісала Вольга Якубоўская ў сваім Інстаграме. Змест карціны алегарычны, як гэта ўласціва творчай манеры мастачкі . Героямі твора з'яўляюцца пазнавальныя персанажы: мужны кот з чалавечымі рысамі, які мае партрэтнае падабенства з Алесем Бяляцкім, і хцівыя ваўкі, якія ўвасабляюць агрэсію і подласць. А таксама птушкі – звястункі вясны.
Полацкія ўлады з размахам адсвяткавалі юбілей вызвалення горада ад войскаў Напалеона
Гарадскія чыноўнікі правялі шэраг мерапрыемстваў у рамках падзей 210-гадовай даўніны, калі 6-8 кастрычніка 1812 года рускія войскі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Вітгенштэйна атакавалі і нанеслі паражэнне французскім "акупантам". Цяпер, напэўна, улады горада думаюць аб тым, як адсвяткаваць іншую гістарычную падзею - 460-годдзе "вызвалення" горада ад палякаў войскамі рускага цара Івана IV Васільевіча (Грознага), якое адбылося 18 лютага 1563 года.
Былы віцебскі ксёндз, вымушаны з’ехаць праз пераслед, служыць па-беларуску ў Кракаве
«Хрысціянская візія» паведамляе, што 10 кастрычніка ў Кракаве адбылася першая беларуская імша, якую адслужыў ксёндз Андрэй Вашчук. У Віцебску ён быў пробашчам парафіі Святога Духа, але быў вымушаны з’ехаць з Радзімы праз палітычны пераслед: Андрэя Вашчука тройчы асудзілі па адміністрацыйных артыкулах і пагражалі крымінальным пераследам. Апошні суд па адміністрацыйным артыкуле прайшоў тады, калі ксёндз Андрэй ужо знаходзіўся за мяжой.