15 ліпеня супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ператрус у касцельным памяшканні, дзе жыў ксёндз Андрэй. Ён быў затрыманы і абвінавачаны паводле арт. 23.34 за несанкцыянаванае пікетаванне. Прычынай стала аватарка ў Фэйсбуку з бел-чырвона-белым сцягам. Праз тры дні над святаром адбыўся першы суд, дзе ксяндза асудзілі да 15-ці сутак арышту. Вашчук на судзе сказаў, што бел-чырвона-белы сцяг для яго – сімвал хрысціянства. 20 ліпеня, калі святар ужо знаходзіўся ў ІЧУ, над ім адбыўся другі суд. Гэтым разам па арт. 19.11 КаАП – за тое, што ён зʼяўляецца ўдзельнікам тэлеграм-чату, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Андрэю Вашчуку прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту і канфіскацыю тэлефона як прадмета, праз які было здзейснена правапарушэнне. Падчас апошняга, трэцяга суду ксяндза прызналі вінаватым паводле ч.1 артыкула 19.11 КаАП за распаўсюд забароненай сімволікі - за рэпост карыкатуры з выявай свастыкі. Святару быў прысуджаны штраф памерам 10 базавых велічынь (320 рублёў). Падсудны на працэс не з’явіўся: за тры тыдні да таго ён пакінуў Беларусь.
Андрэй Вашчук – ужо не першы ксёндз, які вымушана пакідае краіну, бо праз пераслед сілавікоў не спадзяецца ў поўнай меры ажыццяўляць святарскія абавязкі. Для беларускага асяродку ў Польшчы добра вядомае імя яшчэ аднаго ўраджэнца Віцебшчыны, ксяндза Вячаслава Барка, якога таксама судзілі, кідалі «на суткі» і праводзілі праверкі ягоных выказванняў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, шукаючы доказаў крымінальных злачынстваў.
Жанна Жалейка