Анатоль Каханчык: Я ў шпіталі, адміністрацыя ІЧУ афіцыйна зняла з мяне арышт
Жыхар Полацку Анатоль Каханчык, якога 21 снежня асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту, трымаў у віцебскім ІЧУ сухую галадоўку. На 5 дзень, калі стан ягонага здароўя моцна пагоршыўся, адміністрацыя ізалятару вымушаная была выклікаць хуткую і адправіць Каханчыка ў шпіталь. Як паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Анатоль Каханчык, з яго нібыта «афіцыйна знялі арышт». Піша, што «зараз свабодны» і паціху аднаўляе здароўе.
Расейскія праваабаронцы прызналі Яну Пінчук палітзняволенай
22 снежня расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» уключыў у спіс палітвязняў віцяблянку Яну Пінчук. На думку праваабаронцаў, крымінальны пераслед у дачыненні яе звязаны выключна з яе палітычнымі перакананнямі і рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркавання, а крымінальная справа супраць яе – палітычна матываваная. Нягледзячы на гэта, расейскія ўлады збіраюцца экстрадаваць дзяўчыну ў Беларусь.