Да Таццяны Севярынец прыходзілі «тэатралы» з Кастрычніцкага РАУС Віцебску
Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, ці наведвае актывістка тэатральныя пастаноўкі віцебскага тэатру імя Якуба Коласа, ці яна глядзела спектакль «Ціль», што быў зняты з рэпертуару адразу пасля прэм’еры 21-га лістапада. А таксама ці не брала яна ўдзел у «партызанскай» акцыі салідарнасці са звольненым дырэктарам і акторамі, якія страцілі працу пасля ўдзелу ў пастаноўцы, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
Следчыя пагражаюць Анатолю Каханчыку крымінальнай справай за БЧБ-хату
Год таму жыхар Полацку Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. Ужо ў лістападзе, калі адбываў чарговы арышт, следчыя прыгразілі яму крымінальнай справай, калі не перафарбуе дом. Пра гэта піша Беларускае Радыё Рацыя.
За першы тыдзень снежня суды Віцебску прызналі экстрэмісцкімі 10 інфармацыйных рэсурсаў
Напачатку снежня 2021 году па рашэнні судоў Віцебску 7 тэлеграм-каналаў і 3 друкаваныя выданні былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пры гэтым суды скарысталіся правам дапусціць неадкладнае выкананне сваіх рашэнняў, бо нібыта «прамаруджванне можа прывесці да значнай шкоды для пазоўніка або зрабіць немагчымым самое выкананне».