Расейскія праваабаронцы зважаюць на тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году беларускія ўлады разгарнулі ў краіне масавыя рэпрэсіі супраць нязгодных, і працэдуры крымінальнага пераследу ўдзельнікаў мірных пратэстаў не адпавядаюць мінімальным стандартам справядлівага суду і захоўвання правоў чалавека.
Віцебскія следчыя абвінавачваюць Яну Пінчук ў распальванні варожасці да супрацоўнікаў міліцыі і экстрэмізме праз тое, што яна падчас пратэстаў нібыта адміністравала апазіцыйны тэлеграм-канал.
Вывучыўшы даступныя матэрыялы крымінальнай справы, «Мемарыял» прыйшоў да высновы, што пераслед Пінчук палітычна матываваны і неправамерны.
«Матэрыялы справы не ўтрымліваюць інфармацыі аб канкрэтных падставах для абвінавачання, у іх адсутнічаюць доказы падбухторвання да незаконных дзеянняў у тэлеграм-канале, а сама Пінчук сцвярджае, што перастала быць адміністратарам каналу яшчэ да яго абвяшчэння экстрэмісцкім», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў аб прызнанні віцяблянкі палітзняволенай.
«Мемарыял» не мае падставаў чакаць, што беларускія ўлады забяспечаць абарону правоў Яны ў выпадку яе экстрадыцыі. А таму ўпэўненыя, што Расея павінна адмовіць у яе экстрадыцыі ў Беларусь і надаць ёй статус уцекача.
«Мы патрабуем неадкладна вызваліць Яну Пінчук з-пад варты. Мы патрабуем ад расейскіх уладаў выконваць свае міжнародныя абавязкі ў рамках Канвенцыі аб статусе ўцекачоў 1951 году: запыт аб экстрадыцыі Пінчук у Беларусь мусіць быць адхілены, ёй павінен быць дадзены часовы прытулак», – запатрабавалі ад расейскіх уладаў праваабаронцы «Мемарыялу».
Міхась Пісараў