Серада, 30 Верасень 2026

Медыяменеджар, былы палітвязень Андрэй Аляксандраў атрымаў прэмію Free Media Awards 2026

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

 Падчас выступу на цырымоніі Андрэй Аляксандраў падкрэсліў, што незалежная журналістыка фактычна выцясняецца з Беларусі, а журналісты аказваюцца ў зняволенні або ў выгнанні, і што 15 прадстаўнікоў беларускай медыясферы застаюцца за кратамі. Таму ён  прысвяціў узнагароду сваім калегам, якія працягваюць працаваць у выгнанні або знаходзяцца ў зняволенні.

Цырымонія прайшла ўручэння прэміі, якой палітвязень быў уганараваны  сёлета ў верасні, прайшла ў Музеі Мунка ў Осла. «Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў, Андрэй Аляксандраў дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў», — зазначыў аргкамітэт прэміі.

На момант уганаравання палітвязень знаходзіўся за кратамі: ён выйшаў на волю  праз некалькі дзён, 16 верасня ў ліку 25-ці іншых зняволеных, вызваленых па выніках двухдзённых перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Усе 25 чалавек былі дэпартаваныя з Беларусі ў Літву. Разам з ім вызвалілі і дэпартавалі  жонку палітвязня Ірыну Злобіну.

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, але дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку ў газеце «Хімік», потым перабраўся ў Мінск, цягам 2015–2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, працаваў медыякансультантам. 

Быў арыштаваны за сваю працу ў 2021 года. 6 кастрычніка 2022 г. суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме прызначыў медыяменеджару 14 гадоў пазбаўлення волі і  вялізны штрыф - больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце. Прызначанае пакаранне адбываў  у наваполацкай ПК-1.

Галіна Вазоўкіна