«Мяне выклікалі, калі я сядзеў, да следчага. Следчы паказаў мне стос папер, сказаў, што рыхтуецца супраць мяне крымінальная справа за злоснае хуліганства, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што ледзь толькі вы распачняце крымінальную справу або адміністратыўную, я ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну пішу заяву на сухую галадоўку», – расказаў выданню Анатоль Каханчык.
Бел-чырвона-белая хата даўно муляе вока мясцовым уладам. Старшыня Маласітнянскага сельсавету неаднаразова звяртаўся ў міліцыю з гэтае нагоды. І аднойчы ноччу на падворку хаты Анатоля Каханчыка з’явіліся невядомыя людзі, якія зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу паміж дзвюх белых. А герб Пагоня, які быў вывешаны ў акне, запэцкалі карычневай фарбай проста па шкле звонку. Вярнуўшыся пасля арышту, Анатоль Каханчык аднавіў першапачатковую расфарбоўку. І суседзі зноўку бачылі, як старшыня сельсавету Леанід Буханцоў чарговы раз фатаграфаваў яе з розных бакоў.
Янка Прас