Афіцыйнай прычыны, чаму спектакль «Ціль» быў зняты з рэпертуару, шырокай публіцы не паведамляюць. Ёсць меркаванне, што чыноўнікам не спадабаўся радок з песні «Жыве Фландрыя!», якая гучала са сцэны.
Неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі пра звальненне дырэктара тэатру Аляксандра Старых і некалькіх актораў, у інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі з акцыі салідарнасці: людзі ў масках з бел-чырвона-белымі сцягамі трымаюць плакат з тымі самымі словамі «Жыве Фландрыя!»
Літаратурнай асновай для п’есы «Ціль» быў вядомы раман бельгійскага пісьменніка Шарля дэ Кастэра «Легенда пра Уленшпігеля». Гэты твор расказвае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў. Верагодна, цяперашнія чыноўнікі ўбачылі ў пастаноўцы паралелі з сённяшняй палітычнай сітуацыяй у Беларусі.