Пятніца, 12 Люты 2021

7 сутак арышту - за бел-чырвона-белую хату ў Полацкім раёне

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Фота: facebook.com Фота: facebook.com

Анатоля Каханчыка, што жыве ў Полацкім раёне, асудзілі на 7 сутак арышту. Уладам не спадабалася, што частка яго прыватнай хаты пафарбаваная ў бел-чырвона-белыя колеры. Гаспадара БЧБ-хаты прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП), паведамляе «Новы час».

Анатоля Каханчыка з вёскі Алешча, што за 30 кіламетраў ад Полацку, затрымалі ўвечары 9 лютага. На яго склалі пратакол паводле традыцыйнага «народнага» артыкула 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Масавым мерапрыемствам палічылі тое, што частка ягонага дому пафарбаваная ў колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.

Анатоля Каханчыка некалькі дзён правёў у ІЧУ. А 11 лютага суддзя суда Полацкага раёну і Полацку Уладзімір Бясецкі асудзіў сп. Анатоля на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Актывіст Мікола Шарах паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбук», што сябра Свабоднага прафсаюзу Анатоля Каханчыка пакаралі 7 суткамі зняволення «за прыгожа пафарбаваную хату».

Спадар Анатоль Каханчык працуе на чыгунцы. Ягоная хата добра бачная пасажырам цягнікоў, якія праязджаюць паўз яе.