«Калі ўладарыць бязбожнік – народ стогне» – гэтак гаворыцца ў біблійных прыпавесцях. 56-гадовая Валянціна Крыштопенка сфатаграфавалася з гэтай цытатай на плакаце ў розных месцах пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёну. Міліцыянты пабачылі фотаздымкі ў «Тэлеграме» і завялі супраць жанчыны справу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. 11 лютага суд Віцебскага раёну прызнаў Крыштопенку вінаватай…

Уначы з 9-га на 10-га лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у горадзе і Віцебскім раёне прайшлі 9 начных вобшукаў, як мінімум чацвёра віцяблян затрыманыя і знаходзяцца зараз пад вартай. Меркавана, гэта была «зачыстка» перад так званым Усебеларускім народным сходам.

10 лютага ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску суддзя Алена Цыганкова, разгледзеўшы адміністрацыйную справу паводле арт. 22.9 КаАП у дачыненні да распаўсюдніцы незалежнай прэсы Таццяны Юхо, аштрафавала яе на 30 базавых велічынь. Як паведамляла «Віцебская вясна», грамадзянку затрымалі ў прыватным сектары Віцебску і абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе дайжэсту «Витебский вестник».

Віцебскі абласны суд 10 лютага разгледзеў пратэст на той момант выканаўцы абавязкаў пракурора гораду Віцебску Кірыла Дубава, які прасіў адмяніць рашэнні судоў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў у дачыненні да Таццяны Севярынец, Алены Касновай, Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Абласны суд пратэст не задаволіў.

Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» Вольга Брыцікава выступіла з адкрытым відэазваротам да дырэктара заводу Андрэя Сайко. У ім прафсаюзная лідарка просіць кіраўніка «спыніць рэпрэсіі», паведамляе TUT.BY.

У жыхаркі Віцебску Таццяны Юхо міліцыя забрала 500 нумароў дайджэста «Витебский вестник», камп’ютарную аргтэхніку і аўтамабіль. Спадарыня Таццяна распавяла, што міліцыянты затрымалі яе ў прыватным сектары, завезлі ў РАУС Першамайскага раёна і некалькі гадзін распытвалі, адкуль у яе нумары «Витебского вестника», ці распаўсюджвае яна гэтае выданне, хто яго выпускае і раздрукоўвае, піша служба маніторынгу "Беларускай асацыяцыі журналістаў".

Цягам тыдня суд Дубровенскага раёну разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да сужэнцаў Міхаіла (арт. 23.34 КаАП) і Людмілы (арт. 17.1 КаАП) Чамуракаў. Абедзве справы суд спыніў праз недаказанасць віны.

4 лютага інжынер па выпрабаваннях заводу «Візас» і маці дваіх дзяцей Ніна Скрыпец атрымала з працы апавяшчэнне аб звальненні «праз скарачэнне штату». Скрыпец – адна з затрыманых і пакараных вялікім штрафам у «справе трынаццаці». Суд адбыўся 30 студзеня, а загад аб звальненні падпісаны 1 лютага. Гэткае супадзенне жанчына лічыць невыпадковым.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага працягнуўся крымінальны працэс у справе 22-гадовай віцяблянкі Юліі Кашаверавай – былой медсястры 103-й асобнай мабільнай брыгады. Дзяўчыну абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Паводле следства, на маршы пратэсту 4 кастрычніка 2020 году яна пашкодзіла мікрааўтобус міліцыі і сарвала маску з амапаўца, піша TUT.BY.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага быў агучаны абвінаваўчы прысуд у дачыненні да 26-гадовага Арцёма Ісакава, які ўжыў газавы балончык у бок міліцыянта ў цывільным падчас шэсця 25 кастрычніка. Суддзя Сяргей Будрэвіч пастанавіў пакараць Ісакава 3-ма гадамі пазбаўлення волі.