Як патлумачыла Таццяна Юхо, па дамоўленасці бакоў суд пачаўся раней прызначанага тэрміну, таму патрапіць на працэс не здолеў ніводзін з тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаную.
Пасля суду Таццяна Юхо патлумачыла, што ў прыватным сектары Віцебску яна раздавала людзям газету «Витебский вестник». Затрымаў яе міліцэйскі патруль. Чалавек, які патэлефанаваў у міліцыю, сцвярджаў, што ў газеце надрукаваныя матэрыялы, скіраваныя супраць міліцыі і АМАП.
«Зразумела, што гэта хлусня. Пісьмовыя паказанні сведкі часткова хлуслівыя. Акрамя той часткі, дзе сцвярджаецца, што я раскідвала газеты ў паштовыя скрыні. Але ж я не збягала, і сведчанні, пададзеныя ў газеце, не носяць экстрэмісцкага ці супрацьзаконнага характару», – кажа Таццяна.
На судзе Таццяна Юхо даводзіла, што арт. 22.9 КаАП выкарыстоўваць у дачыненні да фізічнай асобы, далёкай ад журналістыкі, нельга. Суддзя Алена Цыганкова ейныя довады праігнаравала.
Каб прызнаць Таццяну Юхо вінаватай у справе паводле арт. 22.9 КаАП суддзі Алене Цыганковай хапіла дадзеных, зафіксаваных у пратаколе. Сведка на судзе паказанні не даваў.
«Газета ўтрымлівае аб’ектыўную інфармацыю. Я лічу – праўдзівую. Гэтая газета годная таго, каб яе прачытала як мага большае кола асобаў», – лічыць Таццяна.
Сённяшнюю пастанову суду Чыгуначнага раёну Віцебску Таццяна Юхо мае намер абскардзіць у Віцебскім абласным судзе.
С. Горкі