«Выснова аб недаказанасці віны згаданых асобаў ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння была зробленая заўчасна, без належнага даследавання абставінаў правапарушэння», – гаворыцца ў пратэсце пракуратуры, накіраванай у Віцебскі абласны суд.
Паводле пракурора Дубава, суддзя мусіла апытаць яшчэ сведкаў-міліцыянтаў, якія выязджалі ў лес, калі атрымалі «паведамленне аб учыненні правапарушэння» (Мілянцей, Ермаковіч, Барысаў), а таксама астатніх супрацоўнікаў АУС, якія «выбылі па выкліку на месца».
«Падчас даследавання доказаў у справе не выяўлена, хто з супрацоўнікаў АУС знайшоў бел-чырвона-белы сцяг, не ўстаноўленая ягоная прыналежнасць, не знятыя супярэчнасці ў тлумачэннях сведкаў аб месцы, дзе яго знайшлі, а таксама не знятыя супярэчнасці аб часе і працягласці знаходжання затрыманых на месцы ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння», – пералічвае «заганы» суду пракуратура.
Пратэст пракурора мусіць разгледзець абласны суд: альбо адхіліць яго, альбо задаволіць і накіраваць справу Таццяны Севярынец і Алены Касновай на новы разгляд.
Нагадаем, справу 19 студзеня разглядала суддзя Вераніка Барысава. Пасля скасавання справы яна прынесла жанчынам афіцыйныя прабачэнні. 20 студзеня суддзя Уладзімір Царыкаў (суд Кастрычніцкага раёну) з такой жа фармулёўкай («праз недаказанасць віны») спыніў справу яшчэ трох удзельніц так званага «пікету ў лесе» – Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Але Царыкаў прабачэння не прасіў.
Пасля станоўчага рашэння ў дачыненні Севярынец і Касновай суддзя Вераніка Барысава адзначылася вельмі жорсткай пастановай аб пакаранні 13 віцяблян 30 студзеня – на працэсе, які адбываўся ў выходны дзень у будынку Першамайскага РАУС і працягваўся больш за 10 гадзін. Дзевяці чалавекам Барысава прызначыла арышт на 15 сутак. Па словах удзельнікаў працэсу, якія выйшлі на волю, міліцыянты ў гэтым выпадку таксама не мелі доказаў вінаватасці затрыманых, але суддзя, падобна, гэтым ужо не пераймалася.
Зміцер Міраш