У Віцебску забаранілі пікет супраць сьмяротнага пакараньня
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла пікет, які праваабаронцы меркавалі зладзіць 19 кастрычніка. Яны хацелі абмеркаваць з жыхарамі гораду праблемы, зьвязаныя з наяўнасьцю і ўжываньнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Прычына забароны акцыі – адсутнасьць у яе арганізатараў дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі на яе абслугоўваньне.
Доктар Ігар Пастноў: Псыхіятрыя - гэта вельмі вострая зброя дзяржавы
Віцебскі лекар, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні, а потым быў выпісаны на амбуляторны рэжым, некалькі дзён таму выйшаў на працу. Адміністрацыя абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі перавяла яго на іншую пасаду: цяпер ён працуе не ў шпіталі, а ў псыхіятрычным дыспансэры. Праца яго задавальняе, але з дыягназам “разладзьдзе асобы” ён ня згодны.
Беларускіх працаўнікоў заменяць віетнамцы
Дакумэнт «Аб віетнамскай працоўнай сіле» адміністрацыя Першамайскага раёну Віцебску рассылае кіраўнікам прадпрыемстваў. У гэтым дакумэнце паведамляецца наступнае: «Адміністрацыя Першамайскага раёну г. Віцебску інфармуе, што паводле ліста амбасады Рэспублікі Беларусь у Віетнаме існуе магчымасьць выкарыстаньня на тэрыторыі вобласьці віетнамскай працоўнай сілы (будаўнікі, швачкі, сельскагаспадарчыя рабочыя, сьлесары, мэханікі, зваршчыкі)».
Любоў Кавалёва: “Сьмяротнае пакараньне выносіцца ад імя дзяржавы і народу, а людзі нават пра гэта ня ведаюць”
З нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання ў ПЦ “Вясна” прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам праваабаронцаў і сваякоў асуджаных да расстрэлу. На прэс-канферэнцыі прысутнічала маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва. Яна адзначыла, што грамадства недастаткова інфармаванае пра смяротнае пакаранне, многія нават не падазраюць, што дагэтуль у Беларусі захавалася такая мера пакарання. “Я і сама паняцця не мела пра гэта, пакуль сама не сутыкнулася з гэтай праблемай”, - сказала Любоў Кавалёва.
Судзьдзя не адважылася прызнаць рашэньне Віцебскага гарвыканкаму невыканальным
У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд скаргі актывістаў Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава. Яны прасілі суд абавязаць раённую адміністрацыю даць ім замест атрыманай імі адмовы — дазвол на пікет супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў. Але судзьдзя Вольга Іванова не падтрымала патрабаваньне актывістаў, якія прасілі ўмяшаньня суду ў працэдуру атрыманьня дазволу.
Перад вызваленьнем палітвязьня спэцкамэндатура пагадзілася прыняць ад яго падарунак
Адміністрацыя спэцкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну (папраўчай установы адкрытага тыпу) нарэшце прыняла ў дар ад палітзьняволенага Паўла Севярынца бойлер. Яго ў самы пачатку знаходжаньня Севярынца ў спэцкамэндатуры прывезьлі сябры БХД з Кобрыну. Але тады адміністрацыя адмовілася прыняць: маўляў, шмат дакумэнтацыі патрэбна аформіць.
Юрыдычна непісьменную жанчыну судзьдзя пакінула без абароны
Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Вікторыя Лешчанка забараніла прафсаюзнаму юрысту Валеру Місьнікаву і рэгіянальнаму прадстаўніку прафсаюзу РЭП Георгію Разумаву прадстаўляць у судзе інтарэсы сябра прафсаюзу Алены Шандзюковай. Юрыдычна непісьменная жанчына засталася сам-насам з судзьдзёй і трыма адвакатамі юрыдычнай кансультацыі № 2, супраць якой яна падала пазоў.
У Віцебску зьнікла былая старшыня ўчастковай выбарчай камісіі
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, у дачыненні да Ніны Шубінай, якая была старшынёй участковай камісіі № 52 Першамайскага раёну Віцебску на мінулых выбарах, мусіла праводзіцца праверка наконт парушэньня выбарчага заканадаўства. Але сама спадарыня Шубіна бясьсьледна зьнікла. З прычыны таго, што апытаць Ніну Шубіну немагчыма, праваабаронцу чарговы раз адмовілі ў тым, каб распачаць супраць яе крымінальную справу.
У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду
Грамадзкага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за несанкцыянаванае пікетаваньне каля так званага «Сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна, дзе каля ўваходу ў краму «Веста» ён ужо даўно і стала распаўсюджвае незалежную прэсу. Віцебскага апазыцыянэра адвезьлі ў міліцыю Чыгуначнага раёну Віцебску. Праўда, праз паўгадзіны і адпусьцілі, не складаючы пратаколу.
Віцебскі праваабаронца падаў заяўку на пікет супраць сьмяротнага пакараньня
Праваабаронца Леанід Сьвецік плянуе правесьці пікет з мэтай азнаямленьня жыхароў Віцебску з праблемамі, зьвязанымі з наяўнасьцю і прымяненьнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Адпаведная заяўка на правядзеньне акцыі пададзеная ім у адміністрацыю Чыгуначнага раёну гораду над Дзьвіной.