Серада, 04 Лістапад 2026

У Паставах скончылі, у Талачыне пачалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вядзецца пра ананімныя паведамленні пра карупцыю, да якіх заахвочваюць мясцовых жыхароў. Адмысловую скрыню для такіх паведамленняў паставілі каля Талачынскага райвыканкама.

Паводле Тэлеграм-канала мясцовай “раёнкі”, карэспандэнцыю будуць даставаць са скрыні супрацоўнікі пошты, але куды яны пойдуць далей- не ўдакладняецца. Адзінае, пра што паведамляе “Наша Талачыншчына”, - гэта пра тое, што скаргі будуць разгледжаны “на уровне Витебского областного исполнительного комитета”.

Адказаў аўтары зваротаў не атрымаюць – нават тыя, хто пазначыць свае асабістыя дадзеныя – гэта таксама адна з умоваў выкарыстання “спецскрыні”.

Нагадаем, у жніўні такую ж скрыню ўсталявалі ў Пастаўскім райвыканкаме. Мясцовым жыхарам паабяцалі, што па ўсіх зваротах правядуць праверку і, калі факты пацвердзяцца, заявы выкарыстаюць "для барацьбы з супроцьпраўнымі з'явамі".

Жыхароў Пастаўшчыны адразу папярэдзілі, што скрыня будзе функцыянаваць да 30 кастрычніка. Пра тое, які плён быў ад “антыкарупцыйнай акцыі” мясцовыя ўлады і дзяржаўныя СМІ так нічога і не паведамілі. Але з лістапада гэтая ініцыятыва “пераехала” на Талачыншчыну. Прычым мясцовая "раёнка" сцвярджае, што такія самыя скрыні для ананімных барацьбітоў з карупцыяй паставілі таксама ў Сянно і Гарадку.

Вера Радзішчава