Панядзелак, 13 Ліпень 2015

У Віцебску зьявіліся першыя прыкметы маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У грамадзкіх месцах Віцебску, на будынках дзяржаўных установаў і ў крамах зьявіліся плякаты, якія інфармуюць месьцічаў, што 11 кастрычніка ў краіне адбудуцца выбары. Таксама паведамленьні пра дату выбараў зьявіліся на старонках мясцовай дзяржаўнай прэсы. Абнавіліся і сайты выканкамаў – цяпер там ёсьць банэры выбарчай тэматыкі.

Бадай, пакуль гэта адзіныя прыкметы набліжэньня выбараў – жыхароў гораду галоўная палітычная падзея году пакуль хвалюе мала: калі меркаваць па размовах людзей паміж сабой на вуліцах, асаблівага інтарэсу да выбараў, будучых кандыдатаў і іхных праграмаў няма.

Аднак тое, што выбары не за гарамі, адчуваецца ў малалікім апазыцыйным асяродку. Прыхільнікі вылучэньня кандыдатам ў прэзыдэнты палітвязьня Мікалая Статкевіча зьбіраюць за яго подпісы. Ужо некалькі разоў наведала Віцебшчыну патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Тацьцяна Караткевіч. Свае турнэ па рэгіёне яна пачала яшчэ да таго, як выбары былі афіцыйна абвешчаныя. Праяваў нейкай актыўнасьці з боку іншых прэтэндэнтаў і іх штабоў на Віцебшчыне пакуль заўважана не было.

Віцебская вясна