Гранітны знак з назвай Плошчы герба і сцяга будуць каштаваць віцебскаму бюджэту амаль 80 тысяч рублёў
На гэтым знаку вышынёй амаль 4 метры будуць размешчаны герб Беларусі і дзяржаўны гімн. А ў перспектыве – і назва плошчы. Бо напачатку гэта будзе «гарадская прастора», а ўласна ў якасці плошчы яе прызнаюць ужо пасля адкрыцця – асобным рашэннем віцебскіх уладаў. Грошы на стварэнне новага аб'екта гарадской інфраструктуры бяруцца з мясцовага бюджэту, агульная сума выдаткаў публічна не паведамляецца.
У Расонах адзінае дазволенае месца для масавых мерапрыемстваў перанеслі з цэнтра пасёлка на ўскраіну
Паводле папярэдняга рашэння Расонскага райвыканкама, месцам для масавых мерапрыемстваў была вызначана пляцоўка каля помніка архітэктуры - сядзібы Гласко. Гэта практычна цэнтр мястэчка. Цяпер улады прынялі новае рашэнне: вызначылі адзіным ў райцэнтры месцам для вулічных масавых акцый пляцоўку каля адміністрацыйнага будынка ДРБУ-109 на вуліцы Лапенкі. Юрыст разважае, навошта гэта зроблена.
«Экстрэмісцкімі» прызнаны старонкі ў сацсетках журналіста Аляксандра Пазняка
Аляксандр Пазняк - ураджэнец райцэнтра Сянно. Там ён пачынаў працаваць журналістам на мясцовым радыё, стаў актыўным прыхільнікам Беларускага Народнага Фронту. Пазней шмат гадоў працаваў на Брэстчыне – быў карэспандэнтам навінавага партала “Першы рэгіён” і незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. У апошнія гады жыве ў ЗША.
Палітзняволенага блогера і актывіста Змітра Казлова будуць судзіць за непадпарадкаванне адміністрацыі бабруйскай ПК№2
Праз тыдзень Казлоў, які адбыў за кратамі амаль чатыры з паловай гады, мусіў выйсці на волю. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска будуць разглядаць крымінальную справу, распачатую паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Цяпер Змітру пагражае яшчэ да двух гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.