На Віцебшчыне вырасла колькасць выпадкаў супраціву і непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй МУС, з пачатку года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 20 выпадкаў актыўнага супраціву і непадпарадкавання дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, якія падпадаюць пад санкцыі Крымінальнага кодэкса. Акрамя таго, больш за 1000 грамадзян былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні ёй паўнамоцтваў. Тое, што колькасць канфліктных сітуацый падчас зносінаў з прадстаўнікамі міліцэйскіх структур расце, з’яўляецца трывожным сігналам пра адсутнасць даверу і павагі да супрацоўнікаў МУС на фоне гвалтоўных эксцэсаў з боку апошніх.
Віцебскага блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна прызналі палітвязнем
Уладзіслаў Савін быў асуджаны двойчы. 30 красавіка мінулага году яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі за «махлярства ў буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу), а таксама за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 Крымінальнага Кодэксу). Сёлета 26 кастрычніка ўраджэнца Віцебска асудзілі і паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу – за абразу Лукашэнкі ў вершы, змешчаным у апеляцыйнай скарзе. У выніку частковага складання двух прысуджаных тэрмінаў зняволення (8 гадоў і 2 гады) Савіну засталося адбываць у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму больш за сем гадоў.