У Віцебску адчыніўся крызісны цэнтр для ўцекачоў
Гэта першая такая ўстанова ў вобласці, хаця падобныя цэнтры ўжо даўно існуюць у Берасці, Гомлі і Гародні. Крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа – ён створаны пад патранатам менавіта гэтай арганізацыі – знаходзіцца па вуліцы Лазо, 4 у будынку плошчай больш як 100 кв.м. Тут адначасова могуць прыняць да 20 змушаных мігрантаў. А ў выпадку вострай неабходнасці адзін з пакояў можна пераабсталяваць і стварыць яшчэ пяць спальных месцаў. Падчас адкрыцця ўстановы прагучала меркаванне, што цэнтр стаў асабліва неабходным пасля таго, як у Беларусь рушыла цэлая хваля ўцекачоў з Украіны.
Судовы працэс па "справе Вясны" пачнецца 5 студзеня
У судзе Ленінскага раёна Мінска прызначылі дату суда па справе супраць старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама Змітра Салаўёва, якога будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці. 5 студзеня справу пачне разглядаць суддзя Марына Запаснік.
«Адміністратыўныя» вынікі 2022-га: 476 сутак арыштаў, 12640 рублёў штрафаў
Адміністратары адной з віцебскіх суполак у Фэйсбуку падсумавалі вынікі працы судоў Віцебску і Віцебскага раёну, дзе сёлета разбіралі справы па самых «папулярных» артыкулах – 24.23 і 19.11 КаАП. Праўда, з агаворкай: не знайшлі дадзеных за студзень 2022-га, і дадзеныя за снежань 2022-га можна будзе даведацца толькі ў пачатку наступнага году.