4 траўня суд Віцебскага раёну працягнуў разбор справы Таццяны Туравец, якую вінавацяць у гвалце да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Другое судовае паседжанне сталася непрацяглым. З прычыны няяўкі ў суд двух сведкаў суддзя Наталля Траццякова вымушаная была перанесці разгляд справы. Слуханні адновяцца 7 траўня.

3 траўня суд Віцебскага раёну пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец. Артыкул 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў УС), паводле якога абвінавачваюць Туравец, прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пацярпелымі ў справе праходзяць 4 міліцыянты.

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3823/2020 індывідуальную скаргу Ірыны Траццяковай. Праваабаронца настойвае на тым, што беларуская дзяржава парушыла яе права на ўдзел у масавым мерапрыемстве

Хворы на анкалогію палітвязень Уладзімір Малахоўскі знаходзіцца ў віцебскім СІЗА амаль паўгода. 25 траўня абласны суд разгледзіць ягоную скаргу на рашэнне суду Першамайскага раёну, які прызнаў яго вінаватым у гвалце да міліцыянтаў і асудзіў да трох з паловай гадоў калоніі.

29 красавіка пасля 20 сутак адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў удзельнік стачкі на «Нафтане» Аляксандр Кухаронак. Аднак ў гэты ж дзень, незадоўга да вызвалення Кухаронка, былі затрыманыя чарговыя ўдзельнікі страйку – Ігар Бутоўскі, Віктар Акасевіч і Сяргей Лазарэнка. Наваполацкі рэпрэсіўны канвеер працуе ва ўсю моц…

Сябра БНФ Алеся Вендта затрымалі на Дзень волі каля помніка князю Альгерду ў Віцебску разам з Кастусём Смолікавым і Іванам Казловым. Пасля трох сутак, праведзеных у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), іх вызвалілі з-пад варты. Але ўжо 30 сакавіка Вендта асудзілі на 13 сутак арышту (арт. 24.23 КаАП). Пра цяперашнія ўмовы ўтрымання ў ІЧУ ён расказаў «Віцебскай Вясне».

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў 29 красавіка праз скайп справу Лізаветы Кірыенка і Марыі Амасовіч, якія ўжо трое сутак знаходзяцца за кратамі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Як аказалася, іх затрымалі за лампадкі, якія яны запалілі ля царквы ў дзень Чарнобыльскай трагедыі. Суд прызнаў іх дзеянні несанкцыянаваным пікетаваннем (арт. 24.23 КаАП) і пакараў абедзвюх дзяўчат арыштам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзмітрый Хома ўказаў дырэктару школы №45 Віцебску Ірыне Лашаковай і яе намесніцы па выхаваўчай працы Алене Шароўскай на недапушчальнасць няслушнага трактавання дзейных нарматыўных прававых дакументаў. Ім рэкамендавана прытрымлівацца нормаў прафесійнай этыкі ў зносінах з навучэнцамі.

Ініцыятыва па зборы сродкаў на новы «Жывемабіль» з'явілася на платформе Фонду салідарнасці з рэпрэсаванымі беларусамі «BYSOL». Неабходная сума для куплі новага мікрааўтобуса і яго афарбоўкі 3000 еўра.

19-гадовая навучэнка аднаго з віцебскіх ліцэяў Марыя Амасовіч ад 26 красавіка не выходзіла на сувязь. Як стала вядома, дзяўчына была затрыманая за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП). Яна знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) на вуліцы Гагарына.