Справу разглядае суддзя Наталля Траццякова. Паводле абвінаваўцы, уначы з 9 на 10 лютага Таццяна Туравец перашкаджала законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта – правесці ператрус у яе доме. Жанчына нібыта чыніла актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізічнай расправай, абражала. Дзеянні Туравец у дачыненні да пацярпелых Сергіенкі, Старчанкі, Філіпенкі, Шутава пракуратура палічыла наўмыснымі. Міліцыянты вымушаныя былі ўжыць у дачыненні да яе фізічную сілу і надзець на рукі кайданкі.
Сваёй віны Таццяна Туравец не прызнала.
Пасля затрымання да Туравец прыехала следчая група і апытала яе паводле арт. 23.4 КаАП і арт. 23.5 КаАП. Жанчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі і абразе службовай асобы. Вобшук у доме прайшоў ужо пасля таго, як яе апытаў следчы.10 лютага суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай па абодвух артыкулах і аштрафаваў на 870 рублёў.
«Паклалі на падлогу» і ўжылі «загіб рукі»
На першым паседжанні апыталі пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Міліцыянты ў адзін голас заявілі, што дзейнічалі ветліва і культурна. Нібыта ў адпаведнасці з законам назваліся, паказалі пасведчанні, пастанову аб ператрусе з санкцыі пракурора і запатрабавалі пусціць у дом. Рэакцыя Туравец падалася ім неадпаведнай іх дзеянням. Паводле іх сведчанняў, жанчына хапалася за пасведчанне, хацела сфатаграфаваць пастанову пракурора, зачыніла дзверы і заявіла, што праводзіць вобшук не дазволіць.
Калі дамовіцца з гаспадыняй не атрымалася супрацоўнікі ўнутраных спраў выкарысталі фізічную сілу «ў адпаведнасці з атрыманымі навыкамі». А дакладней – «паклалі на падлогу» і ўжылі ў дачыненні жанчыны «загіб рукі за спіну», каб надзець кайданкі.
Міліцыянты сцвярджаюць, што падчас гэтага «затрымання» Туравец укусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла удар нагой у вобласць галавы трэцяму супрацоўніку. Апроч таго, сведчылі, што жанчына называла іх «бандытамі», «фашыстамі» і «карнікамі».
Усё гэта адбывалася ўжо пасля палуначы 10 лютага.
Ператрус меўся адбыцца ў дачкі
Паказанні, якія дала ў судзе Таццяна Туравец, адрозніваюцца ад версіі абвінавачання.
Паводле яе, увечары 9 лютага яна вярнулася з працы і неўзабаве заснула. Прачнулася ад гучнага ўдару, падышла да дзвярэй. Спрасонку не зразумела, што адбываецца. Адчыніла дзверы і пабачыла незнаёмых людзей у цывільным, якія паказваюць нейкія дакументы і сцвярджаюць, што яны супрацоўнікі міліцыі.
Туравец кажа, што паводзіны начных візіцёраў не адпавядалі яе ўяўленням пра тое, як мусяць сябе паводзіць праваахоўнікі. Яна напружылася, занервавалася, а даведаўшыся, што вобшук праводзіцца ў сувязі з незаконным захоўваннем наркатычных рэчываў і пабачыўшы ў пастанове не сваё імя, вырашыла, што яе падманваюць.
Паводле пастановы, ператрус меўся адбыцца ў памяшканні яе дачкі Ангеліны, якая з маці даўно не жыве, і Таццяна не магла ўцяміць, чаму прыехалі да яе, да таго ж – уначы. Са словаў Таццяны, толькі ў гэты момант міліцыянты зразумелі, што перад імі не Ангеліна. Таццяна дазванілася да дачкі, спраўдзіла, што яна на волі. А вось дазваніцца да міліцыі, каб упэўніцца, што перад ёй сапраўдныя міліцыянты, не здолела. І гэта яшчэ больш абвастрыла сітуацыю.
«Было вельмі балюча»
Далей яе проста павалілі на падлогу і надзелі наручнікі. Таццяна сцвярджае, што ёй было балюча – балелі хворыя рукі. Папрасіла, каб заціснутыя ў кайданкі рукі былі не за спінай, а перад сабой. Прыняла лекі.
Туравец не адмаўляла, што ўкусіла Старчанку, бо той пры затрыманні пальчаткай на нейкі момант закрыў ёй рот. Патлумачыла: канчаткова зразумела, што перад ёй міліцыянты толькі пасля таго, як прыехаў следчы ў форменнай вопратцы. З яе словаў, паводзіў ён сябе вельмі карэктна.
4 траўня суд працягне апытанне сведкаў. Слуханні па справе пачнуцца ў 10.30.
С. Горкі