Серада, 26 Чэрвень 2024

Пытанні газіфікацыі, добраўпарадкавання і водазабеспячэння турбуюць жыхароў Браслаўшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Генеральны дырэктар ВРУП «Віцебскаблгаз», дэпутат Віцебскага аблсавета па Браслаўскай выбарчай акрузе № 53 Аляксандр Бранцэвіч на мінулым тыдні ў Браславе правёў прыём грамадзян.

Браслаўчан, якія прыйшлі да дэпутата са сваімі зваротамі, турбавалі пытанні развіцця інфраструктуры. Гэта газіфікацыі вёскі Краснасельцы, будаўніцтва тратуара па вуліцы Дзяржынскага ў райцэнтры і павышэнне якасці водазабеспячэння гараджан.

Што тычыцца будаўніцтва газаправода ў вёсцы Краснасельцы Браслаўскага раёна, то аказалася, што  такі праект некалі існаваў, але так і не быў рэалізаваны. А для ацяплення вёскі электраэнергіяй не хапае магутнасці ліній. Таму пытанне для жыхароў гэтай вёскі сапраўды стаіць востра.

Аляксандр Бранцэвіч паабяцаў жыхарам Браслаўшчыны шчыльна заняцца гэтай тэмай, вывучыць перспектывы рэканструкцыі адпаведных электрасетак. А ў выпадку, калі апошняе будзе немагчыма, – распрацаваць і рэалізаваць уласны праект па будаўніцтве газаправода: магістральнага – за кошт падначаленага яму прадпрыемства, а мясцовага – саміх вяскоўцаў праз кааператыў. Жыхарам Краснасельцаў застаецца толькі чакаць абяцанага чыноўнікам.

Наконт тратуара па вуліцы Дзяржынскага ў Браславе, паводле чыноўніка, пакуль гэтая праблема невырашальная.

«Тратуар – гэта ў першую чаргу бяспека. Таму праблема яго адсутнасці, нават на асобных участках вуліц, вельмі істотная».  Такога кшталту будаўнічыя ініцыятывы не рэалізуюцца ў адзін момант, патрэбны значныя фінансы і вялікая падрыхтоўчая работа», – адзначыў Аляксандр Бранцэвіч.

Прыкладна такая ж сітуацыя і вакол гарадскіх магістральных водаправодаў. Як піша сайт мясцовай раёнкі, іх агульны знос у Браславе дасягае 80 %. Дэпутат пагадзіўся з важнасцю пытання і падкрэсліў неабходнасць яго вырашэння, хоць бы і паступовага – праз частковыя, але пастаянныя замены ўчасткаў старых сетак на новыя.

«І тратуар, і водаправод – найважнейшыя складальнікі гарадской інфраструктуры, а значыць – і камфортнага жыцця браслаўчан. Так, вырашэнне сітуацыі патрабуе значных рэсурсаў, якіх у раёне часта няма. Таму я вынесу гэтыя пытанні на абласны ўзровень, буду старацца спрыяць іх станоўчаму вырашэнню», – падсумаваў Аляксандр Бранцэвіч.

Геннадзь Ясінскі