26.06.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні, пенітэнцыярная сістэма Сёння адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. У гэты дзень, 26 красавіка ў 1987 годзе набыла моц Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. У Беларусі пасля масавых пратэсных акцый 2020 года вось ужо чатыры гады актыўна катуюць нязгодных з дзеяннямі ўлады. У зняволенні яны зазнаюць жорсткае сістэматычнае збіванне. Яны знаходзяцца ў перапоўненых камерах з пастаянна ўключаным святлом. Вязняў прымушаюць на праверках працяглы час стаяць у нязручных і знясільваючых позах. Новым відам катавання з’явіўся стан інкамунікада – поўная ізаляцыя ад знешняга свету. А як мінімум шэсць палітвязняў памерлі за кратамі праз дрэнныя ўмовы ўтрымання і несвоечасовае аказанне медычнай дапамогі.

Разам з аддзелам дакументавання катаванняў і дацкім інстытутам супраць катаванняў DIGNITY расказваем пра прыклады катаванняў і жорсткага абыходжання палітвязняў у Беларусі. Мы не маем на мэце пералічыць у матэрыяле ўсе выпадкі, а распавядаем толькі пра некаторыя з іх. Амаль кожны вязень, які перажыў зняволенне ў ізалятары ці калоніі, распавядае, што сутыкаўся з тым ці іншым відам жорсткага абыходжання. Таксма мы разумеем, што праз інфармацыйную ізаляцыю шмат якія выпадкі могуць заставацца невядомымі.

Катаванні і жорсткае абыходжанне. У чым розніца

Як распавядаў у інтэрв’ю юрыст "Вясны" Павел Сапелка, у адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, "катаванне" азначае "любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна прычыняецца моцны боль ці пакута, фізічная ці маральная, каб атрымаць ад яго ці ад трэцяй асобы звесткі або прызнанне, пакараць яго за дзеянне, якое здзейсніла яна ці трэцяя асоба або ў здзяйсненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць або прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль або пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай або іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або праз іх падбухторванне, або з іх ведама ці маўклівай згоды".

Таксама кожная Дзяржава-ўдзельніца "абавязваецца прадухіляць на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй, іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага да годнасці абыходжання і пакарання, якія не падпадаюць пад вызначэнне катавання, калі такія акты здзяйсняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, выступаючы якасці, ці па іх падбухторванні, ці з іх ведама ці маўклівай згоды".

Гэта значыць у катаванні заўсёды ёсць канкрэтныя, азначаныя ў вызначэнні мэты, а ў іншых відаў забароненага абыходжання іх можа не быць; катаваннямі прычыняецца моцны боль ці пакута, а іншыя віды забароненага абыходжання могуць прычыняць пакуты меншай ступені, але яны таксама забароненыя.

З 2020 года “Вясна” пачала супрацу з дацкім інстытутам па процідзеянні катаванняў DIGNITY дзеля дакументавання катаванняў у Беларусі. Мы спыталі ў прадстаўніка інстытута пра асоўныя адрозненні сітуацыі з катаваннямі ў Беларусі і ў Даніі, з якой краінай можна параўнаць Беларусь па ўзроўню катаванняў і што больш за ўсё ўражвае падчас даследвання тэмы катаванняў у Беларусі.

Віды катаванняў

"Сілавік прапанаваў мне ўскрыць чэрап". Збіванне

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Збіванне – форма цялеснага пакарання, якая пры пэўных абставінах з’яўляеца катаваннем. Гвалтоўныя дзеянні ў выглядзе ўдараў і штуршкоў могуць быць як сістэматычнымі, метадычнымі, так і спантаннымі.

Праваабаронцам вядомыя такія метады сістэмнага збіцця, як "тэлефон" і "фаланга". Праз іх частае прымяненне збіццё прынята адносіць да "распаўсюджаных метадаў катаванняў". 

Наступствы ад збіцця даволі шырокія. У вострай стадыі гэты від катаванняў прыносіць боль як падчас, так і пасля збіцця. Такі боль можа стаць хранічным.

Фізічная траўма прадметам можа ўяўляць сабою камбінацыю з чатырох відаў траўмаў: выцятае месца ці сіняк (закрытая траўма), абдзерына, ірваная рана і пералом. Сіняк або гематома з’ўяляецца найбольш распаўсюджаным відам траўмы пасля збіцця.

Так, у жніўні 2020 года ў першыя некалькі дзён пратэстаў адбыліся масавыя затрыманні і рэпрэсіі. Тады беларусаў і беларусак, а таксама грамадзянаў іншых краінаў, у ізалятарах, аддзяленнях міліцыі, следчых камітэтах і нават у грамадскім транспарце жорстка і працягла збівалі. Пратэстоўцаў збівалі, пакуль яны не страчвалі прытомнасць. Супраць іх прымянялі спецсродкі, якімі наносілі цяжкія траўмы. Так, мінчуку Георгію Сайкоўскаму адарвала аскепкам светлашумавой гранаты частку ступні на паслявыбарчай акцыі пратэсту. Затрыманыя вызваляліся з ізалятара на Акрэсціна ў Мінску ў вельмі жудасным стане. У некаторых канцавіны і тулава былі амаль цалкам фіялетавага колеру: гематомы і крывападцёкі былі на твары, нагах і руках, па ўсёй спіне і на ягадзіцах.

Дзмітрый Хадаровіч, якому ў жніўні 2020 года пры затрыманні сілавікі стралялі ў лабавое шкло машыны і жорстка збілі, расказваў "Вясне" сваю гісторыю.

"Тады яны пачалі мяне вельмі моцна збіваць. Два мужчыны мяне трымалі за рукі, а трэці біў па твары. Я тады насіў брэкеты. Амапавец біў так моцна, што ў некаторых месцах брэкеты прабілі вусны і прайшлі наскрозь. Калі я піў, адтуль вылівалася вада.

Далей мяне перагарнулі і пачалі моцна біць па патыліцы. У той момант сілавік дастаў нейкую жалезную прыладу і ці то жартам ці ўсур’ёз прапанаваў мне ўскрыць чэрап. Пасля гэтага моманту я “паплыў”. У мяне было сатрасенне мозгу".

Сістэматычнае збіццё вязняў у беларускіх месцах зняволення працягваецца і сёння.

«Ён надзеў мне на галаву баксёрскі шлем, сабе – баксёрскія пальчаткі і пачаў біць…» Катаванні ў Фрунзенскім РУУС гэтай вясной

Аляксандра (яго прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі) затрымалі ў пачатку траўня за расклейванне налепак, пасля чаго збівалі і катавалі ў Фрунзенскім РУУСе. Хлопца арыштавалі на 15 сутак па ч.1 арт. 24.23 КаАП. Аляксандр распавёў «Вясна назірае» пра жорсткае затрыманне, збіццё сілавікамі, катаванні ў РУУСе, суд і ўмовы ўтрымання для «палітычных» на Акрэсціна.

"Задахнуся і няхай гэта скончыцца". Задушэнне

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Задушэнне (або асфіксія) бывае сухім, мокрым і пазіцыйным. Паводле даследванняў інстытута DIGNITY, сухая асфіксія з’яўляецца самай распаўсюджанай. Яна прадстаўляе сабою сцісканне ці перавязку шыі для закупоркі дыхальных шляхоў, або прымусовае ўдыханне пылу, газу і інш. Катаванні ўдушэннем прымяняюцца ўсё часцей. Асфіксія падпадае пад вызначэнне катавання паводле Канвенцыі ААН супраць катаванняў. Яна мусіць лічыцца непрымальнай формай стаўлення ні пры якіх абставінах.

Спецдакладчык ААН па пытаннях катаванняў, Еўрапейскі суд па правах чалавека і Еўрапейскі камітэт па прадухіленні катаванняў таксама лічаць, што сухая асфіксія ёсць катаваннем.

Пры такім спосабе ўдушэння выкарыстоўваюць розныя метады. Напрыклад, надзяванне на галаву зняволенага паліэтыленавага мяшка, каптура або маскі, закрыццё рота і носа, сцісканне ці перавязванне шыі або прымусовае ўдыханне розных рэчываў.

Вось як апісваў задушэнне сілавікамі адзін з вязняў (суразмоўца папрасіў не называць яго імя). Адзін з сілавікоў зацінсуў галаву вязня паміж сваімі каленямі, а наверх надзеў цэлафанавы пакет. "Я пра сябе думаў, няхай ужо гэта хутчэй скончыцца. Задахнуся і ўсё, каб проста гэта скончылася", – распавядаў суразмоўца. Калі паветра пачало сканчвацца, мужчына пачаў моцна дрыгацца і ненаўмысна пракусіў пакет. У гэты момант яго працягвалі збіваць двое сілавікоў. Так паўтарылася двойчы.

Іншы вязень распавёў, што яго душылі ў будынку РАУСа.

"Мяне душылі нядоўга, секунд пяць, бо асцерагаліся, каб мне не стала яшчэ горш. Сілавікі душылі мяне, збівалі і пыталі, як даўно я падпісаўся на BYPOL".

Сведчанні яшчэ аднаго вязня:

"Нас ставілі на расцяжку. Пакуль мы стаялі, нас бралі за каўнер і цягнулі. Сілавік лакцём упіраецца ў спіну, а каўнер адцягвае. І такім чынам ён цябе душыць. Задушэнне цягнулася недзе па 20 секунд".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць палітзняволенай Вікторыі Кульшы псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры.

"Загадалі расставіць ногі на шырыню паўтара метра". Катаванне позай

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Пазіцыйнае катаванне – від катаванняў, калі ахвяру прымушаюць доўгі час знаходзіцца ў адным фіксаваным палажэнні цела працяглы час, якія можа цягнуцца ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзінаў і нават сутак.

Палажэнні цела могуць быць рознымі: стаянне на насках, з выцягнутымі рукамі, скручаныя і ненатуральныя позы. Таксама вязня могуць фіксаваць у такой позе кайданкамі, хамутамі ці вяроўкамі. Падобнае катаванне практычна не пакідае бачных слядоў траўмы, але можа пакінуць хранічны боль і інваліднасць.

Усе пазіцыйныя катаванні ўздзейнічаюць на сухажыллі, суставы, цягліцы. Праз немагчымасць перасоўвацца ў цягліцах з’яўляецца моцны боль, у ніжніх канцавінах застайваецца крывя, што прыводзіць да ацёкаў тканак, анямення.

Шматлікіх затрыманых на пратэсных акцыях у жніўні 2020 года масава ставілі ў нязручныя позы ва ўнутраных дварах ІЧУ на Акрэсціна або аддзяленняў міліцыі. Пратэстоўцаў прымушалі станавіцца на зямлю на калені, рукі зашпільвалі за спінаю кайданкамі або пластыкавымі хамутамі, а галавою трэба было абапірацца ў зямлю. У такой позе затрыманыя стаялі ноччу на холадзе працяглы час. Сілавікі ім забаранялі хадзіць у прыбіральню і моцна збівалі.

Яшчэ адзін прыклад пазіцыйнага катавання – поза "ластаўка". Падчас перамяшчэння вязняў у СІЗА прымушаюць стоячы на нагах моцна схіляць тулава і галаву долу. Пры гэтым рукі фіксуюць кайданкамі за спінаю і падымаюць іх моцна ўверх.  

Так, 20-гадовую Ганну Морскую, якую пяць разоў затрымлівалі па адміністрацыйных справах, у траўні 2022 года паўгадзіны трымалі ў позе "ластаўка" і збівалі.

Былы палітвязень Міхаіл, якога затрымалі па "справе Зельцэра", распавёў, як у 2021 годзе ў жодзінскай турме падчас праверак вязням загадвалі стаяць абапёршыся аб сцяну сагнутымі кісцевымі суставамі далонямі да сябе. Праз тое, што ў такой позе вельмі складана стаяць, вязні пачалі абапірацца аб сцяну кулакамі – касцяшкамі пальцаў.

"Надзіральнік заўважыў гэта і ўдарыў дручком хлопца побач са мною. Ён тады сказаў вязню: "Што ты стаіш па-еўрапейску. Ты ў Беларусі, станавіся па-беларуску". То бок, абапіраючыся на кісцевыя суставы".

Падчас праверак іх прымушалі працяглы час трымаць на выцягнутых руках скручаны матрас. Калі ў кагосьці ён падаў з рук, таго прымушалі падымаць матрас і зноў трымаць неакрэслены час.

Таксама Міхаіл распавёў, як падчас праверак усіх вязняў з камеры ставілі ў калідоры на расцяжку. Хто не мог стаць у патрэбную позу, тых моцна збівалі.

Аб прымушэнні станавіцца ў такую нязручную позу пад пагрозай збіцця былыя палітвязні распавядаюць дагэтуль. Падовле іх расповедаў, гэты від катванняў у позе “расцяжка” з’яўляецца доволі распаўсюджаным.

"Падлога ў калідоры выкладзеная кафляй, кожная з каторых 30 сантыметраў. Нам загадвалі расстаўляць ногі на шырыню пяці кафляў – паўтара метра. Калі столькі паміж ног не змяшчалася, моцна білі па нагах, каб яны раз’язджаліся ў бакі".

У калоніі атрымала інваліднасць па зроку. Уздзеянне на органы пачуццяў

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

У камерах СІЗА і ІЧУ ноччу гарыць штучнае асвятленне. На турэмным жаргоне яго называюць "луна". Працяглае знаходжанне ў падобных умовах пагаршае як фізічнае, так і псіхічнае здароўе.

Як распавядае беларуская лекарка (імя схавана ў мэтах бяспекі), пастаянна ўключанае штучнае асвятленне (лямпачка ў камеры, якую не выключаюць ноччу) дрэнна ўплывае на біярытмы чалавека. Арганізм не "разумее", калі яму трэба заснуць, а калі прачнуцца. Да таго ж у штучнага асвятлення няма таго спектру святла, якое неабходнае для абмену рэчываў у арганізме. Гэтыя наступствы цягнуць за сабою парушэнні ў працы ўсяго арганізма.

У зняволенні ў беларускіх турмах парушэнне сна выглядае, як не самая вялікая праблема. Але бяссонніца закранае абвастрэнне, а таксама і атрыманне хранічных захворванняў. Яна пагаршае працу сардэчна-сасудыстай сістэмы. Напрыклад, калі чалавека з хворым сэрцам садзяць у турму, з пастаянна ўключаным святлом і адсутнасцю свежага паветра, ён можа атрымаць інсульт або інфаркт. 

Амаль усе вязні, якія распавядалі пра свой досвед зняволення, сведчылі пра пастаянна ўключанае святло ў камерах.  

"На Валадарцы падчас адбою адключалі дзённае святло і заставалася толькі "луна". А на Акрэсціна гэтага ўвогуле не рабілі. Аднойчы мы папрасілі, каб святло троху прыгасілі. Надзіральнікі ў адказ сказалі: "Хочаце, каб вам было яшчэ цямней? Наце вам". Яны ўзялі і ўключылі нейкую лампу, падобную на рэнтгенаўскае святло. Гэта было вар’яцкае святло, якое выядала вочы. Мы з ім яшчэ некалькі сутак жылі", – распавяла адна з палітзняволеных.

Вокны некаторых камер СІЗА звонку завешаныя так званымі "вейкамі" – жалезнымі жалюзі без магчымасці іх рэгуліроўкі. Яны амаль не прапускаюць сонечнае святло. Ад гэтага моцна псуецца зрок.

Палітзняволеная і давераная асоба Антаніна Канавалава, якую асудзілі на пяць з паловай гадой калоніі, атрымала ў зняволенні інваліднасць па зроку праз пастаянную адстунасць дзённага асвятлення ў камеры.

Акрамя пастаянна ўключанага святла, вязні ў зняволенні зазнаюць так званае "катаванне музыкай". Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі зняволеным падчас пад’ёму рэгулярна ўключалі дзяржаўны гімн Беларусі на вялікай гучнасці. Таксама надзіральнікі ставілі папулярныя музычныя кампазіцыі нізкай якасці беларускіх выканаўцаў. У гэтых песнях звычайна праслаўляецца беларуская ўлада і Лукашэнка.

У шматлікіх турэмных камерах туалеты ніяк не агароджаны і знаходзяцца наўпрост у памяшканні, дзе ўтрымліваюцца вязні. Усёй перапоўненай камерай даводзіцца хадзіць у прыбіральню наўпрост у памяшканні, дзе ядуць і спяць. Да таго ж шматлікія вязні паляць цыгарэты. Гэтыя абставіны разам з адсутнасцю належнай вентыляцыі ствараюць у камеры моцны смурод, а сталая адсутнасць свежага паветра ў камеры моцна пагаршае здароўе зняволеных.

"Яны б'юць шокерам да сінякоў". Электрашокавая зброя

Падобны тып зброі перадае серыю разрадаў электрычнага тока і прызначаны для часовага пазбаўлення чалавека дзеяздольнасці. Еўрапейскі камітэт па прадухіленні катаванняў распрацаваў агульныя прынцыпы выкарыстання электрашокавай зборі, згодна якім яе выкарыстанне мусіць "абмяжоўвацца выпадкамі, калі існуе рэальная і непасрэдная пагроза жыццю або рызыка нанясення цяжкай траўмы".

У Беларусі шырока распаўсюджаная практыка выкарыстання электрашокера ў аддзяленнях міліцыі для атрымання паказанняў пад ціскам. Аб гэтым сведчылі праваабаронцам шматлікія затрыманыя па палітычных матывах.

Адзін з затрыманых Кірыл, які адбываў арышт восенню 2023 года ў ЦІП на Акрэсціна, распавядаў пра выкарыстанне электрашокера ГУБАЗіКам:

"Тыя, каго затрымлівае ГУБАЗіК, прыязджаюць часцей за ўсё моцна збітыя. Азадак і ногі як баклажаны. Яны б'юць шокерам да сінякоў. У асноўным, па нагах, спіне і ягадзіцах. Расказваюць, што б'юць нейкай вялізнай палкай. Кладуць на падлогу і лупяць па нагах, па азадку. Пытаюцца пры гэтым усякую лухту, маўляў, "распавядай, дзе полк Каліноўскага".

Арыштант ЦІП Аляксей распавёў пра таксіста, якога супрацоўнікі ГУБАЗіК для затрымання выклікалі да сябе ў штаб упраўлення:

"Ён прыехаў, заехаў пад шлагбаўм, яго адразу ж дасталі з машыны, збілі. Білі нагамі, рукамі, нейкімі палкамі, электрашокерам. Яго білі шокерам пад пазногці, потым аблівалі ногі і зноў білі шокерам у бранзалеты, у косткі ног. Натуральна, пасля такога кішэчнік адмовіў, усё вылілася. Ён увесь выпэцкаўся, а яны з яго яшчэ доўга смяяліся. Дазволілі яму зняць усю вопратку і апранулі на яго пакет цэлафанавы, прывязалі яго да цела шлейкамі са скотчу, надзелі на яго каску. Яго прывезлі ў РУУС і сказалі: "Гэта Марыё, сустракайце". Там яму дазволілі памыцца і падмыцца трошкі. І вось ён быў мацней за ўсіх збіты і выглядаў вельмі дрэнна. І да канца 15 сутак сінякі з яго не сышлі, рукі былі сінія і твар увесь пабіты".

Мінчук Антон распавёў "Вясне", як супрацоўнікі ГУБАЗіК яго катавалі электрашокерам і жорсткім збіваннем летам 2022 года.

"Потым мяне паставілі на "дыбу", але ім не хапіла гэтага, і яны вырашылі паэксперыментаваць: пакуль я стаяў на "дыбе", мне ў бок хвілінны разрад электрашокера прыляцеў, і паралельна сілавік, які трымаў мяне за ланцуг кайданкоў, выварочваючы мне плечы, вырашыў мне пакруціць кайданкі па гадзіннікавай стрэлцы і супраць, каб мне яшчэ больш выломлівала плечы. Пасля гэтага мяне кінулі і сказалі: "Фу, бл*ць, ад цябе шманіць гарам. Адчыніце акно, а то за*бала".

Сэксуальны гвалт і прымусовае распрананне

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Пасля масавых рэпрэсій у 2020 годзе ахвяры паведамлялі праваабаронцам пра неаднаразовыя пагрозы сэксуальнага гвалту падчас зняволення. А паводле дакладу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, у Беларусі вядомыя выпадкі сэксуальнага гвалту.

"Нашы даныя пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых і прымянення іншых формаў сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў дачыненні як да мужчын, так і да жанчын. Медыцынскія запісы, вывучаныя УВКПЧ, паказваюць на наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталій. Да затрыманых таксама прымяняўся псіхалагічны ціск, у тым ліку пагрозы згвалтавання".

Таксама зняволеныя сутыкаюцца з поўным асабістым даглядам. Яго ладзяць у аддзяленнях міліцыі, ІЧУ, па прыбыцці ў калонію і на "хімію". Людзей прымушаюць цалкам распранацца і рабіць некалькі прысяданняў.

Паводле сведчанняў былой палітзняволенай Яны Барысовіч журналістцы Яўгеніі Даўгой, яе сукамерніца была вымушаная праходзіць агляд у гінеколага ў прысутнасці мужчыны канваіра. Экс-палітзняолвеная распавядала, што канваір суправаджае зняволеную і прысутнічае ўвесь час агляду ў адным памяшканні.

Катаванні позай, пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Як жанчыны Беларусі сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем

Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) і праінфармаваў яго аб вядомых звестках катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын.

На восем спальных месцаў 25 чалавек. Перапоўненасць камер

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Паводле інстытута супраць катаванняў DIGNITY, агульнапрынятага вызначэння тэрміна "перапоўненасць камер" няма. Але звычайна маецца на ўвазе колькасць жылой прасторы ў камеры на аднаго зняволенага, колькасць спальных месцаў. Таксама перапоўненасць можа вызначацца аператыўнымі магчымасцямі, то бок, суадносінамі колькасці супрацоўнікаў месца пазбаўлення волі і колькасці зняволеных.

Падкамітэт ААН па прадухіленні катаванняў лічыць, што ўтрыманне зняволеных ва ўмовах скрайняй перапоўненасці раўнаважна жорсткаму абыходжанню і нават катаванням, калі падобнае ўтрыманне з’яўляецца працяглым і спалучаецца з непрымальнымі фізічнымі ўмовамі. А паводле Еўрапейскага суда па правах чалавека, калі на аднаго затрыманага прыходзіцца менш за тры квадратных метры, аўтаматычна прадугледжваецца парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў.

Больш за ўсё з перапоўненасцю камер затрыманыя сутыкнуліся ў жніўні 2020 года. Паводле дакладу Упраўлення вярхоўнага камісарыята ААН па правах чалавека, у першыя пяць дзён паслявыбарчых акцый пратэсту было затрымана каля 13500 чалавек, у тым ліку 700 дзяцей. У той час пратэстоўцы ўтрымліваліся ва ўмовах жорсткай цісканіны. Камеры былі перапоўненыя ў некалькі разоў, у іх можна было знаходзіцца толькі ў палажэнні стоячы. Праз адсутнасць паветра і вентыляцыі, людзі страчвалі прытомнасць. У некаторыя камеры ў адказ на абурэнне станам, надзіральнікі залівалі ваду з хлоркай. 

Палітвязні, якія ўтрымліваліся ў ІЧУ або СІЗА ў розных рэгіёнах Беларусі, дагэтуль рэгулярна паведамляюць праваабаронцам пра перапоўненыя камеры. Людзі вымушаныя спаць па чарзе на падлозе без матрасаў і пасцельнай бялізны.

Былы палітвязень Міхаіл сведчыць пра перапоўненую камеру ў жодзінскай турме. У ягонай камеры на 10 месцаў утрымлівалася 25 чалавек.

"Спальных месцаў не хапала, таму мы з хлопцамі дамовіліся наступным чынам. Тыя, хто сёння спяць на падлозе, заўтра спяць на нарах. На падлогу мы аддавалі пакрывала і падушкі. Адно пакрывала сцялілі на ніз, іншым накрываліся. Падлога была выкладзеная кафляй, на вуліцы восень, спаць было вельмі халодна". 

Два гады ў ШІЗА. Адзіночнае зняволенне

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Паводле правілаў Нэльсана Мандэлы, адзіночнае зняволенне – гэта "утрыманне зняволеных цягам 22 гадзін і больш у суткі без змястоўных кантактаў з людзьмі". Мінімальныя стандартныя правілы ААН абыходжання са зняволенымі забараняюць бестэрміновую і працяглую ізаляцыю, якая вызначаецца як больш 15 сутак запар.

Нажаль, у беларускіх турмах адзіночнае зняволенне з’яўляецца звыклай з’явай. Шматлікія былыя палітвязні распавядаюць, як іх у калоніях па надуманых прычынах адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Некаторым з іх тэрмін утрымання ў ШІЗА падаўжалі некалькі разоў запар. Так, былы палітвязень Міхаіл Жамчужны за час зняволення правёў там больш за два гады. Гэтая катавальная практыка працягваецца і шмат якіх палітвязняў утрымліваюць у ШІЗА месяцамі запар.

Часта ўтрыманне ў ШІЗА становіцца пачаткам ланцужка ўзмацнення рэпрэсій.  Пасля ШІЗА палітвязняў могуць пераводзіць на некалькі месяцаў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). А затым – у турму. Так, напрыклад, адбылася з Паўлам Севярынцам, якому пасля трох месяцаў утрымання ў ПКТ узмацнілі пакаранне і перавялі на тры гады ў турму.

Новы від катаванняў. Інкамунікада

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Новым відам катавання стала ўтрымліванне палітвязняў у стане інкамунікада – поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Іх утрымліваюць у ШІЗА або ў ПКТ, не дасылаюць лісты і не перадаюць карэспандэнцыю ад блізкіх. Не пускаюць адвакатаў, не дазваляюць тэлефонныя званкі і спатканні. Фактычна, такія вязні знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету.

На сённяшні дзень вядома як мінімум пра шэсць палітвязняў у стане "інкамунікада": Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікалай Статкевіч.

Так, сваякі Максіма Знака апошні раз атрымлівалі ад яго ліст 9 лютага 2023 года. А звестак пра стан Марыі Калеснікавай няма больш за 400 дзён.

Таксама вядома пра некалькі палітвязняў, ад якіх працяглы час няма ніякіх звестак. Па стане на 24 чэрвеня палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын 34 дні не атрымліваў лістоў і 32 дні знаходзіцца ў ШІЗА. Ад актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк па стане на трэцяе чэрвеня 150 дзён няма ніякіх звестак. Са студзеня 2024 года няма ніякай сувязі з 67-гадовай палітзняволенай актывісткай з Пружанаў Аленай Гнаук. Ад актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля па стане на 14 чэрвеня ўжо месяц няма ні званкоў, ні лістоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.

"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека", — юрыст Вясны

Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.

Невыносны псіхалагічны боль. Смяротнае пакаранне

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

У Беларусі, як і ў 55 краінах, усё яшчэ дазволена смяротнае пакаране. У нашай краіне яно адбываецца праз расстрэл. Агулам 144 краіны свету адмовіліся ад забойства чалавека ў якасці пакарання за злачынства.  

Хоць смяротная кара не з’яўляецца сама па сабе парушэннем міжнароднага права, вынясенне смяротных прысудаў часта суправаджаецца парушэннем забароны на катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. 

Тэрмін "феномен камеры смяротнікаў" выкарыстоўваюць для апісання знаходжання ва ўмовах камеры смяротнікаў. Там чалавека працяглы час утрымліваюць у адзіночным зняовленні ў чаканні пакарання. У асуджаных да смяротнага пакарання назіраюцца значна больш частыя псіхалагічныя разлады. Паводле даследванняў DIGNITY, яны пакутуюць ад невыноснага псіхалагічнага болю. У вязняў у камеры смяротнікаў больш высокая рызыка самагубстваў.

Некаторыя даследчыкі кажуць пра "сіндром камеры смяротнікаў", суправаджаецца крайняй ступенню трывогі, дысацыяцыі і псіхоза. Да таго ж само смяротнае пакаранне можа прыносіць чалавеку цяжкія фізічны боль і пакуты.

У Слуцку 19 кастрычніка 2023 года вынеслі смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу Аляксандру Таратуту, якога прызналі вінаватым у забойстве свайго трохгадовага дзіцяці. Ягонай жонцы Анастасіі, асуджанай па гэтай жа справе, прысудзілі 25 гадоў зняволення.

"Сарваць шторы з душавой кабінкі". Іншыя прыклады жорсткага абыходжання

Былая палітзняволеная журналістка Вольга Класкоўская, якая адбыла ў зняволені 791 дзень, распавядала, як атрадзе гомельскай калоніі на 100 чалавека быў толькі адзін душ і як складана было туды патрапіць, а таксама пра псіхалагічны ціск на палітзняволеных:

"Улетку ўвечары (калі праца на прамзоне ў другую змену) з забруджанага цэху фабрыкі прыходзяць каля ста потных і брудных жанчын. У цябе літаральна 25 хвілінаў, каб улезці ў чаргу ва ўмывальнікі і прыбіральню і хаця б нейкія часткі цела абмыць — гэта кашмарна. … Але ў любы момант маглі прыйсці начальніцы атрадаў, кабінеты якіх месцяцца ў нашых бараках, і сарваць шторы з душавой кабінкі. І чалавек стаіць папросту аголены і мусіць даваць тлумачэнні, чаму ён карыстаецца душам". 

Акрамя згаданых відаў катаванняў, беларусы і беларускі ў зняволенні сутыкаюцца з шматлікімі прыкладамі жорсткага абыходжання. Пры затрыманні актыўна выкарыстоўваюць практыку "пакаяльных" відэа, падчас якіх здзекуюцца з затрыманых. Падчас зняволення затрыманыя працяглы час знаходзяцца ў моцным холадзе, ад чаго атрымліваюць хваробы, іх дрэнна кормяць. Утрымліваюць без туалета і пасцельнай бялізны. Абыходжанне з вязнямі становіцца ўсё больш жорсткім і бесчалавечным. Часта яно мяжуе з катаваннямі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.

Крыніца: У Міжнародны дзень супраць катаванняў расказваем, як катуюць у Беларусі