Як паведаміла “Віцебскай вясне” сястра Марыі Амасовіч Святлана, з панядзелка Маша перастала адказваць на тэлефонныя званкі, хаця ў першай палове дня яшчэ прысутнічала ў сацыяльных сетках.
Каб даведацца пра лёс сястры, Святлана звярнулася ў Першамайскі РАУС Віцебску. Адказы былі не зусім уцямныя. Але стала вядома, што Марыю, быццам бы, выклікалі на размову ў аддзяленне міліцыіі - з пастарунку яна ўжо не выйшла. Яе затрымалі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП). За што канкрэтна - інфармацыі няма.
Калі адбудзецца суд над Марыяй Амасовіч, таксама невядома.
Ліцэістку Марыю Амасовіч пасля выбараў 2020 году неаднойчы затрымлівалі, судзілі і каралі штрафамі і арыштамі. У снежні 2021 году адна з адміністрацыйных спраў Амасовіч была скасаваная, а суддзя прасіў у яе прабачэння.
С. Горкі