Пятніца, 30 Красавік 2021

«На шпацыр – у кайданках». Як адбываюць «суткі» страйкоўцы з Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Аляксандр Кухаронак. Фота: Стачкам ААТ "Нафтан" Аляксандр Кухаронак. Фота: Стачкам ААТ "Нафтан"

29 красавіка пасля 20 сутак адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў удзельнік стачкі на «Нафтане» Аляксандр Кухаронак. Аднак ў гэты ж дзень, незадоўга да вызвалення Кухаронка, былі затрыманыя чарговыя ўдзельнікі страйку – Ігар Бутоўскі, Віктар Акасевіч і Сяргей Лазарэнка. Наваполацкі рэпрэсіўны канвеер працуе ва ўсю моц…

Страйкоўцаў затрымлівалі ў Наваполацку раніцай невядомыя ў цывільным. Аднаго схапілі, калі выносіў смецце, другога – калі выйшаў пагуляць з дзіцём... Ігар Бутоўскі, Віктар Акасевіч, Сяргей Лазарэнка таксама, як і Аляксандр Кухаронак, бралі ўдзел у запісе відэароліку з заклікам галасаваць на платформе «Голас». Гэта і стала прычынай адміністрацыйнага пераследу. Іх вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 24.23 КаАП).

30 красавіка адбыліся суды. Аляксандра Кухаронак, які ўжо быў на волі, паведаміў, што Ігара Бутоўскага прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра рашэнні ў дачыненні астатніх не ведае, але мяркуе, што Акасевіч і Лазарэнка атрымалі столькі ж (інфармацыя ўдакладняецца).

Простыя «сутачнікі» дзяліліся ежай з палітычнымі 

Па словах Аляксандра Кухаронка, умовы для палітычных у наваполацкім цэнтры изаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) зрабіліся больш жорсткімі. Першыя чатыры ўдзельнікі стачкі, якія былі затрыманыя раней, сядзелі паасобку, разам са звычайнымі «сутачнікамі». Калі «палітычным» раптам забаранілі перадачы, дык простыя арыштанты сталі з імі дзяліцца ежай.

«І тады міліцыянты паглядзелі па відэакамерах, што дзеляцца, і перасадзілі ўсіх палітычных у адну камеру. Калі я «заехаў» 9 красавіка, палітычныя сядзелі ўжо асобна», – успамінае Аляксандр.

Расказвае, што па два разы штоноч ў камеру заходзілі наглядчыкі і будзілі іх для праверак. На шпацыр ва ўнутраны дворык палітычных вадзілі ў кайданках.

«Кайданкі адзявалі толькі «на асаблівых», як яны нас называюць», – кажа Кухаронак.

«Прыходзілі пагутарыць усялякія следчыя»

Калі ўсіх яго таварышаў адпусцілі, апошнія 8 сутак яму давялося сядзець у камеры аднаму. За ўсе 20 сутак арышту Аляксандру не дазволілі атрымаць аніводнай перадачы.

Тым не менш, ён не шкадуе, што далучыўся да стачкі і ўзяў удзел у запісе відэароліка.

«Прыходзілі там да мяне пагутарыць усялякія следчыя, пыталіся: «Можа вы хочаце стаць на «пуць ісцінны»? Я адказваю: «Калі цягам 8 месяцаў у мяне быў адзін цвёрды пункт гледжання, дык думаеце за 20 сутак ён зменіцца?..» – пасміхаецца Аляксандр.

Уладзімір Бяляўскі