«Калі нас затрымалі 25 сакавіка ля помніка Альгерду, мне прыгадаўся жарт з дзяцінства: «Болей двух не збірацца. Тры – ужо банда. Можна браць». Паводле судовай пастановы я атрымаў 13 сутак арышту, Кастусь Смолікаў – 12, Казлоў – 10», – успамінае Алесь Вендт.
Адбываць прызначаны адміністрацыйны тэрмін Вендта забраў участковы міліцыянт проста са Смаленскага рынку. Спачатку адвезлі ў РАУС, а ўжо ўначы этапавалі ў СІЗА-2, у будынку якога зараз месціцца ІЧУ.
Як распавёў Алесь, у параўнанні з тым, як адбываў трое сутак у сакавіку, цяперашнія ўмовы ўтрымання кардынальна змяніліся. Гэта было тым відавочней, што ўсе шасцёра яго сукамернікаў былі асуджаныя па палітычным артыкуле 24.23 КаАП. Вендт мяркуе, што «палітычных» змясцілі ў адну камеру адмыслова, хаця, з другога боку, было добра, што ўсе побач былі паплечнікамі.
З'явілася агрэсія і нянавісць
«Трое сакавіцкіх сутак і дзесяць красавіцкіх – розныя рэчы. Стаўленне да так званых «БЧБ-затрыманых» стала яшчэ больш жорсткім. У дачыненні да асуджаных па палітычных матывах з’явілася дадаткова агрэсія, нават нянавісць», – кажа Алесь Вендт.
Як расказвае, за суткі ў камеры праводзілі 6 праверак: чатыры ўдзень і дзве ўначы. Зранку забіралі матрацы, чаго не было раней. Сядзець даводзілася на голых металёвых прутах шконак.
«Такое стаўленне – гэта дадатковы здзек, і гэтага не было раней. З іншых камер, дзе не было палітычных, матрацы не забіралі. Перад адбоем самі зняволеныя заносілі матрацы ізноў у «хату». Уначы – яшчэ дзве праверкі, а пасля – перыядычна лязгалі металёвай накрыўкай, якая закрывае вочка, то бок, мяркую, нам знарок не давалі спаць. І такія паводзіны ахоўнікаў ні ў якіх правілах не прапісаныя», – кажа Вендт.
Кайданкі на выхадзе
Алесь распавядае, што здзекаваліся і з тых, хто паліць. Недзе два-тры дні ім зусім не давалі прыкурыць.
Гаворыць, што з 1-га красавіка «ўвялі кайданкі». Іх надзявалі кожны раз, калі кагосьці выводзілі з камеры, прыкладам, для прафілактычнай размовы. Праўда, перад размовай наручнікі здымалі.
Таксама Алесь Вендт паведаміў, што ў адной камеры з ім сядзеў віцябчук Сяргей Думава, на якога завялі крымінальную справу. Падставай для затрымання Думавы стаўся надпіс «Час прыйшоў! Горад наш», зроблены непадалёку ад месца ягонай працы. У гаражы знайшлі падобную фарбу. Праводзіцца расследаванне.
Пытанні наконт графіці былі ў следчага і да Алеся Вендта. На доме, дзе ён жыве, таксама быў пратэставы надпіс. Але для Вендта размова са следчым ніякага працягу не мела.
Ян Ластаўка